Ветэраны Беларусі, Расіі і Латвіі сустрэліся ля Кургана Сяброўства

7 июля 2014

Ветэраны вайны з Беларусі, Расіі і Латвіі ў першую нядзелю ліпеня традыцыйна сабраліся ля Кургана Сяброўства. Ён быў насыпаны больш за паўстагоддзе таму на мяжы трох саюзных рэспублік як сімвал ваеннага братэрства, нязломнасці воінаў Вялікай Айчыннай і самазабыўнай любові да радзімы. Цяперашняя сустрэча 55-я. Гасцей - больш як пяцьсот чалавек - прымаў беларускі бок. Пасля набыцця незалежнасці кіраўніцтва Латвіі адмовілася ад удзелу ў арганізацыі міжнародных сустрэч. Але ўсё ж дзякуючы садзейнічанню консульстваў Расіі і Беларусі нешматлікая дэлегацыя латвійскіх ветэранаў змагла прыехаць на курган. З нагоды юбілейнай сустрэчы ўдзельнікам былі ўручаныя памятныя медалі.


Падчас сустрэчы на Кургане Сяброўства была адкрытая і асвячоная капліца ў гонар апекуна воінаў Сергія Раданежскага. Ветэраны заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам, адкрыць якую выпадае ўдзельнікам сустрэч на кургане праз 45 гадоў.