Кожныя выхадныя у турыстычны сезон Верхні горад запрашае на насычаную праграму

6 июля 2023

Музычная гасцёўня, бібліятэка пад адкрытым небам і бясплатныя экскурсіі. Кожныя выхадныя турыстычны сезон у Мінску запрашае на насычаную праграму. Днём - тэатральны дворык, увечары - танцы ў стылі рэтра. Здзіўляць гасцей Верхні горад будзе да сярэдзіны верасня.

Якія сакрэты раскрывае адзін з самых старажытных раёнаў сталіцы? Раскажа Карына Гурэвіч.

 Верхні горад - ідэальнае месца, каб пазнаёміцца з беларускай сталіцай бліжэй. І кожныя выхадныя гасцей тут чакаюць архітэктурныя таямніцы, музычныя шэдэўры і майстры рукадзелля. Што яшчэ прапануюць? Давайце даведаемся.

Ажываць цэнтр горада пачынае апоўдні. З боем гадзінніка з ратушы да гледачоў выходзіць войт і расказвае адну з легенд пра старажытны будынак. Пасля прапануе выбраць ключ ад куфра. Той, хто справіцца з задачай, атрымлівае шчаслівую манету.

У Верхнім горадзе шмат скульптур і будынкаў, якія захавалі свой гістарычны выгляд. Тут гасцей чакае экскурс у мінулае ад Музея гісторыі горада Мінска. Маршруты пралягаюць праз Свята-Духаў кафедральны сабор, падвалы былой царквы Святога Духа, аглядную пляцоўку і старажытныя вулачкі Герцэна, Зыбіцкай, Кірылы і Мяфодзія.

Традыцыйна па сувеніры запрашае горад майстроў. Ганчарнае мастацтва, саломапляценне, кавальская справа. Рамеснікі  ўвасабляюць у сваіх работах сталічныя пейзажы і беларускія сімвалы, ствараюць упрыгажэнні, посуд і элементы дэкору.

Кніжныя навінкі кожную суботу прэзентуе бібліятэка пад адкрытым небам. Асаблівая ўвага - дзіцячай літаратуры. А каб расказаць больш і зацікавіць творамі сучасных пісьменнікаў, ладзяць сустрэчы з аўтарамі. Арганізатары таксама праводзяць інтэлектуальныя квэсты і віктарыны з падарункамі.

А па другі бок Свіслачы гучаць любімыя мелодыі. Каля набярэжнай Траецкага прадмесця разгарнулася музычная гасцёўня. У рэпертуары канцэртнага аркестра "Няміга" - класіка для дзяцей, хіты ўсіх часоў і саўндтрэкі да фільмаў.

Не менш насычаная - вячэрняя праграма. Танцпляцоўка ў стылі рэтра, тэатральны дворык і канцэрты для фартэпіяна з аркестрам. Музычна-турыстычны сезон завершыцца 16 верасня выступленнем Прэзідэнцкага аркестра.