Векавы юбілей адзначыла СШ № 3 г. Мінска

10 декабря 2019
Вопыт і веды - на ўсе 100. Сталічная сярэдняя школа № 3 адзначыла векавы юбілей. Зараз у ёй атрымліваюць веды 700 вучняў. 
У школе працуюць розныя профільныя класы, існуе батлейка і тэатральная студыя. А яшчэ ў яе сценах заўсёды гучыць музыка. З традыцыямі і гісторыяй навучальнай установы пазнаёмілася Алена Вітко.

Гэты будынак 1936 года - у ім размяшчаецца сярэдняя школа № 3. І, здавалася, гэта - адзіная яе прапіска. Аднак нядаўна вучні працавалі ў архіве і высветлілі: школьны летапіс пачаўся раней - у 1919 годзе.
За векавую гісторыю  такія і іншыя пасведчанні  атрымалі тысячы выпускнікоў. Імёны некаторых з іх вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Калісьці ўсю «лесвіцу сярэдняй адукацыі» тут прайшлі акадэмік Яўгеній Бабосаў і Ігар Малевіч - адзіны ў Беларусі прафесар Гарвардскага ўніверсітэта. 

Сярод знакамітых выпускнікоў і Герой Савецкага Саюза - лётчык- выпрабавальнік Казімір Аркадзевіч Шабан.

У яго гонар у школе створаны музей баявой славы. Тут сабраны яго асабістыя рэчы, розныя гістарычныя дакументы і фотаздымкі.
Зараз у школе ёсць профільныя класы - педагагічны, хіміка-біялагічны і філалагічныя. Працуе тэатральная студыя і батлейка. Але музычна-харавы напрамак па-ранейшаму застаецца асноўным. Амаль паўтысячы вучняў пазнаюць свет дыезаў і бемоляў.
Для юбілейнага вечара настаўнікі і вучні падрыхтавалі лепшы рэпертуар. Таксама са сцэны гучалі словы падзякі, гісторыі са школьнага жыцця. Выпускнікі розных гадоў і настаўнікі ўзгадалі самыя важныя эпізоды.  А таксама далі абяцанне  сустрэцца на наступным юбілеі.