Векавая гісторыя БДУ ў фатаграфіях

31 января 2017

БДУ распрацаваў свой лічбавы фотаархіў. 20 тысяч здымкаў, на якіх захаваны гісторыі лёсаў і знакавыя падзеі аднаго з найстарэйшых універсітэтаў краіны. Аб негатывах, якія даступныя анлайн, у рэпартажы Таццяны Кароль.

Паўстагоддзя - з фотаапаратам у руках. Генадзь Краскоўскі свой жыццёвы шлях звязаў з Белдзяржуніверсітэтам у 60-ых. Гаворыць, памятае ўсё да адзінай падзеі ў ВНУ, бо гісторыя засталася на чорна-белых здымках, якія ён зрабіў сам. І зараз фатограф не здраджвае справе свайго жыцця.

За стогадовую гісторыю БДУ ў яго архівах захавалася нямала фотастужак. Менавіта яны і ўяўляюць сувязь пакаленняў. Але, у інфармацыйным стагоддзі ўсе даўно прывыклі захоўваць матэрыялы на электронных рэсурсах і гаджатах. Так даступней. Таму ў галоўнай ВНУ краіны распрацавалі фотаархіў у лічбавым фармаце.

Зараз адным клікам з любой кропкі свету ў вольным доступе можна зайсці на сайт БДУ і прасачыць храналогію падзей па фатаграфіях, а тым, хто пазнаў сябе, - раздрукаваць здымкі.

Зараз фотаархіў БДУ захоўвае больш за 20 тысяч малюнкаў з гісторыяй ВНУ. Але, на сапраўдных плёнках захаваныя не толькі галоўныя падзеі для ўніверсітэта.

Фотасайт ВНУ ўвесь час абнаўляецца, і да канца года стваральнікі плануюць дапоўніць яго яшчэ 180-цю тысячамі фатаграфій.