У зімовыя святы на службу выйдуць тысячы міліцыянераў, урачоў і ратавальнікаў

27 декабря 2013
Сёлета абяцаюць і новую тэхніку, і выдатную падрыхтоўку.

Ці гатовыя экстранныя службы да святаў, даведвалася Таццяна Кашпур.

Раз, два, тры - ялінка, гары! Галоўнае, каб не літаральна, турбуюцца ратавальнікі. Для іх Новы год як і ўсе іншыя зімовыя святы - час неспакойны. Петарды, феерверкі і бенгальскія агні - для ўсіх яркія атрыбуты весялосці, а агняборцы бачаць у іх адны пагрозы. Гэта не песімізм, а прафесійны вопыт. Таму рыхтавацца да года 2014-га пачалі ўжо ў 2013-м. Ужо напагатове гідраўлічнае абсталяванне, пажарныя аўтацыстэрны і ноу-хау - пенагенерыруючая сістэма CAFS.

Анатоль Балябін, намеснік начальніка ўпраўлення аўтамабільна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый МНС Беларусі: З дапамогай такой прылады магчымая падача паветранай пены на высокія паверхі будынкаў. Калі звычайная помпа здольныя падаць ваду прыкладна да 17-18 паверха, то магчымасці помпы, абсталяванай гэтай сістэмай, павялічваюцца ў некалькі разоў, падача пены магчымая на вышыню 200-250 метраў.

Не будзе часу для адпачынку і ў медыкаў. Па ўсёй краіне ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня будуць працаваць больш як 800 брыгад хуткай дапамогі. Каб святы ўсё-такі не скончыліся візітам у бальніцу, урачы заклікаюць не злоўжываць спіртным і навагоднімі стравамі. Самыя распаўсюджаныя наступствы весялосці - пераломы і чэрапна-мазгавыя траўмы - таксама ўскосна звязаныя з алкаголем. Уціхамірыць гарачую кроў у выпадку неабходнасці рыхтуюцца і ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Ва ўзмоцненым рэжыме падчас святаў будуць працаваць як міліцыянеры, так і інспектары ДАІ.

Тым, хто захоча адлічваць запаветныя секунды да Новага года ў цэнтры горада, у міліцыі рэкамендуюць прыходзіць загадзя. Каб зрабіць свята бяспечным і максімальна камфортным, на ўсіх вялікіх пляцоўках будуць працаваць кантрольна-прапускныя пункты. Колькасць людзей, якія адначасова змогуць там знаходзіцца, будзе абмежаваная.