У Вілейцы пачынае работу новы камп'ютарны тамограф беларускай вытворчасці

10 июля 2019

Сучасны камп'ютарны тамограф, апарат МРТ і анкалагічны скрынінг. Высокатэхналагічная медыцына даступная і ў раённых цэнтрах Мінскай вобласці. У Вілейцы пачынае работу новы камп'ютарны тамограф - тэхніка праходзіць тэставы рэжым. Машына  беларускай вытворчасці. Апарат стане добрым памочнікам у Вілейскім цэнтры скрынінгу анкалагічных захворванняў. 

Побач з Вілейкай - у Маладзечне - правяраюць здароўе пацыентаў на сучасным апараце МРТ. Сюды звяртаюцца людзі і з суседніх раёнаў. З ліпеня працэдуру можна прайсці і на платнай аснове. Падрабязнасці ў Наталлі Кезік.

На новым рабочым месцы Анастасія Пятровіч  усяго некалькі месяцаў. Раней малады спецыяліст вяла прыём пацыентаў у мясцовай паліклініцы. Затым за некалькі месяцаў прайшла перакваліфікацыю - расшыфроўваць "карцінкі" з апарата МРТ вучылася ў абласной бальніцы. 

Зрабіць даследаванне на новым апараце  МРТ у Маладзечне можна кожны дзень. Урачы ў дзве змены штодня могуць прыняць трыццаць чалавек. Пацыенту дастаткова мець з сабой накіраванне ад спецыяліста. З гэтага месяца працэдуру можна зрабіць і на платнай аснове. 

На сучаснае даследаванне ў маладзечанскую бальніцу прыязджаюць і жыхары суседніх раёнаў. Кабінет МРТ у горадзе - першы этап па стварэнні тут Заходняга цэнтра спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. У планах яшчэ ўсталяванне ангіяграфічнага комплексу і камп’ютарнага тамографа. 

Новы камп’ютарны тамограф ужо ўсталявалі і ў вілейскай бальніцы. Тут рэканструявалі цэлае аддзяленне. Цяпер цяжкіх пацыентаў без перашкод можна з прыёмнага пакоя завезці на камп’ютарнае даследаванне. 

Камп’ютарны тамограф - выдатны памочнік Вілейскаму цэнтру скрынінгу ранняй дыягностыкі анкалогіі. Спецыялізаванае аддзяленне ў паліклініцы запусцілі  летась. Пакуль урачы працуюць тут па двух  напрамках. 

І першыя вынікі працы цэнтра скрынінгу  відавочныя. За год тут у васьмі пацыентаў выявілі рак малочнай залозы на ранніх стадыях. А ў такіх пацыентаў шанцаў цалкам вылечыць хваробу ў  некалькі разоў больш.