У сталіцы завяршыўся фінал абласнога конкурсу "Я - даследчык"

6 марта 2019

Толькі яны ведаюць, дзеля чаго трэба замарожваць хакейную шайбу ці як зварыць варэнне з шышак. У сталіцы сёння завяршыўся фінал абласнога конкурсу "Я - даследчык". Свае навуковыя працы прадставілі самыя маленькія жыхары Мінскай вобласці – дашкольнікі і вучні малодшых класаў. Акрамя конкурсу, для дзяцей падрыхтавалі і актыўны адпачынак у музеі навук.

Чаму можна павучыцца ў маленькіх навукоўцаў - ведае Наталля Кезік. Шышачнае, кавуновае, грыбное альбо нават маркоўнае і цыбульнае. Ваня Бурдзецкі да імправізаванага чаяпіцця прапаноўвае даволі незвычайны асартымент варэння ўласнага прыгатавання. Усіх відаў назапасіў мінімум па сем слоікаў. Свайго любімага – з кавуновых скарынак - і таго больш.
Незвычайныя рэцэпты варэння - не першая навуковая праца юнага даследчыка. Працаваць у тандэме з настаўнікам Ваня пачаў з першага класа. Разам высветлілі, чаму лічба 13 нешчаслівая і чаму не кожная крэйда малюе на школьнай дошцы. Пяцігадовую Кацярыну Корзун са Смілавіч зацікавілі рознакаляровыя пясчынкі і шкляныя прыродныя пацеркі. Чароўныя элементы дзяўчынка пад наглядам выхавальніка і настаўніка фізікі разглядала з дапамогай мікраскопаў і спецыяльных лінз. І ў выніку з чароўных шкельцаў дзяўчынка сабрала свой калейдаскоп з незабыўнымі карцінкамі ў падарунак для матулі. І Ваня Бурдзецкі, і Каця Корзун прайшлі раённы конкурсны адбор сярод юных навукоўцаў. І ў выніку аказаліся ў ліку лепшых ва ўсёй Мінскай вобласці.

Замарожваць шайбу неабходна, каб… А лопуху калючкі абавязкова патрэбныя для… Адказы на такія незвычайныя і часам складаныя пытанні ёсць толькі ў самых маленькіх і дапытлівых. На завочны абласны этап дзеці прадставілі журы 169 работ. Сёння на фінал запрасілі лепшых 80 даследчыкаў. Кампетэнтнаму журы - прафесарам, дактарам і кандыдатам навук - сярод дашкольнікаў прыйшлося выбраць усяго 4 пераможцы -  яны прадставяць вобласць на рэспубліканскім этапе. І гэта работа для дарослых аказалася самай складанай часткай.

Усе фіналісты сёння атрымалі свае ўзнагароды. Акрамя гэтага, папоўнілі калекцыю прыгод, наведалі краіну лега і пазнаёміліся з эксперыментамі музея навукі. І, напэўна, многія маленькія даследчыкі знайшлі новыя тэмы для грандыёзных даследаванняў.