У сталіцы развіваюць тэхніку малявання на вадзе - эбру

28 мая 2020
Яе сутнасць - у нанясенні малюнка на паверхню спецыяльна падрыхтаванай вадкасці  з вады і экстрактаў раслін. Затым з рознакаляровых кропель пэндзлямі фарміруюць узоры. А фінальны варыянт  пераносяць на паперу. 

У такой тэхніцы ствараюць абстракцыі, пейзажы і нават партрэты. Майстар-клас па аквамаляванні прайшла Алена Вітко.

Старажытныя мастацтвы Усходу развіваюць у сталіцы


Некалькі хвілін - і рознакаляровыя кроплі ператвараюцца ў карціну. Абстракцыі на вадзе Марыя Мунцян малюе некалькі гадоў. Аб старажытна-ўсходняй тэхніцы "эбру" яна даведалася выпадкова, калі разам з дочкамі ставілі фізічныя доследы. А зараз - сама навучае "воднаму жывапісу". 

Ваду для загусцення настойваюць на экстрактах раслін. Фарбы робяць з пудры мінералаў. А сцябліны руж становяцца асновай для пэндзляў. 

Ажурныя ўзоры можна перамяшчаць таксама на дрэва, шкло, тэкстыль ці кераміку. Такія магчымасці натхняюць не толькі мастакоў, але і дызайнераў. 

Прынты з воднай гладзі ў дызайне выкарыстоўвалі яшчэ некалькі стагоддзяў таму. На фон наносілі каліграфічны тэкст - і такімі маляўнічымі старонкамі ўпрыгожвалі кнігі. Два мастацтвы і зараз камбінуе Саід Сахраі. Некаторыя работы з персідскім почыркам займаюць да 10 гадзін.

Пазнаёміцца з мастацкімі ўсходнімі тэхнікамі  можна і зараз. У сталіцы праходзяць тэматычныя майстар-класы для дзяцей, дарослых і сем'яў. Нядаўна з'явіліся і анлайн-урокі.