У РНПЦ "Кардыялогія" пачалі ўстанаўліваць кардыястымулятары па новай методыцы

18 октября 2019
Першым пацыентам стаў беларус з брадыкардыяй - гэта нізкі сардэчны рытм. Зараз  галавакружэнне і пераднепрытомны стан  больш не будуць яго турбаваць, як і магчымыя ўскладненні. Адзначым,  Беларусь першая сярод краін СНД, дзе выпрабавалі такі метад карэкцыі рытму. 

Сёння ў РНПЦ “Кардыялогія” 32-гадоваму пацыенту ўсталявалі кардыястымулятар па новай тэхналогіі. Жыццёва неабходны імплант укаранілі непасрэдна ў  праводную сістэму сэрца малаінвазіўным метадам, г.з. без разрэзаў. 

Раней кардыястымулятары ўстанаўлівалі толькі ў правы жалудачак, з-за чаго ў некаторых выпадках у пацыента ў далейшым магла ўзнікнуць сардэчная недастатковасць. З гэтага часу такіх наступстваў баяцца не варта. Новая тэхналогія больш фізіялагічная для арганізма, яна дазваляе сінхранізаваць працу правага і левага  жалудачкаў.

Аперацыя доўжылася паўтары гадзіны. За 90 хвілін беларускія спецыялісты ў тандэме з прафесарам з Польшчы вырашылі праблему брадыкардыі - зніжанай частаты сардэчнага рытму. 

Ужо заўтра пацыент зможа вярнуцца да звыклага ладу жыцця, а праз трое сутак пакінуць сцены РНПЦ. Дарэчы, Беларусь  пакуль адна з першых сярод краін СНД, дзе прымяняецца такая тэхналогія імплантацыі кардыястымулятараў. Устаноўку кардыястымулятараў па новай методыцы літаральна з заўтрашняга дня будуць асвойваць хірургі медустаноў і ў абласцях Беларусі. Акрамя таго, нашы спецыялісты навучаць новай методыцы выратавання жыццяў калег з краін СНД.