У рэспубліканскім фінале конкурсу "Уладар сяла" выбралі лепшую сям'ю

6 октября 2017

Яны маладыя, таленавітыя і працавітыя. У рэспубліканскім фінале конкурсу "Уладар сяла" сёння выбіралі лепшую сям'ю. Пераможцы абласных адборачных тураў сабраліся ў Глыбокім. Дарэчы, менавіта тут у 2007 годзе быў прыдуманы гэты конкурс. Праект хутка стаў папулярным, прычым ва ўсёй краіне. За дзесяцігоддзе ён аб'яднаў больш за 11 тысяч маладых сем'яў.

Вольга Маслоўская пабывала на фінальных спаборніцтвах і пераканалася, што па рызыцы і запале "Уладар сяла" не саступае сусветным чэмпіянатам. Утульны катэдж, вялікая гаспадарка, любімая праца і ўжо дарослыя дзеці. Маргарыта Герасімёнак з аграгарадка Ламашы затрымалася дома па просьбе нашай здымачнай групы. Усе ўжо на свяце. На рэспубліканскім фінале юбілейнага праекта "Уладар сяла" сям'я Герасімёнак у статусе ганаровых гасцей. Бо менавіта гэты сямейны квартэт стаў пераможцам першага - тады яшчэ раённага - конкурсу.

У сямейным архіве фатаграфіі і відэаролікі з конкурсу. Але галоўны напамінак аб перамозе - гэта дом. Ключы ад новабудоўлі сям'і ўручылі прама на цырымоніі ўзнагароджання. Удалы стартап раённага маштабу ўжо ў 2008 атрымаў статус рэспубліканскага. Удзельнікамі адбораў сталі паўтысячы сем'яў. Сёлета не менш.

У фінале 6 сем'яў. У мінулым сіта адборачных тураў і ўжо ніякіх сумненняў, быць або не быць "Уладаром сяла". Тут кожная сям'я - згуртаваная каманда з вопытным трэнерскім штабам сваякоў. Пазайздросціць можна падтрымцы, якая ёсць у сям'і Молакавых з Віцебскай вобласці. На конкурс з бацькамі прыехалі чацвёра малых.

Пакуль у Інтэрнэце карыстальнікі ставяць лайкі пад відэапрэзентацыямі сямейных падворкаў, журы ацэньвае якасць распілоўкі дроў і налічвае штрафы за памылкі ў запрэжцы каня. Удзельнікі гавораць: з такіх конкурсаў складаецца сельскае жыццё. Але секундамер у руках суддзі прымушае хвалявацца.

Самы смачны конкурс - выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі. Усё вырашчана на ўласным агародзе, прыгатавана сваімі рукамі і зроблена з любоўю. На падворак сям'і Літвіных з Мінскай вобласці не толькі рэкардсмены з градкі. У кожнага ў гэтай камандзе ёсць сваё захапленне. Дачка Вераніка спявае і выдатна танцуе, а ў вольны час ад мамы пераймае старажытнае майстэрства ткацтва.

З усіх сіл падтрымліваюць удзельнікаў Юлія і Сяргей Адамовіч. Для гэтай сям'і конкурсныя перыпетыі ў мінулым. Сёння яны ў журы. А праз некалькі дзён пераможцы "Уладара сяла - 2016" едуць у Сочы. У складзе беларускай дэлегацыі яны прадставяць нашу краіну на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў.

Як перамога ў конкурсе зменіць жыццё сям'і Літвіных з Мінскай вобласці, пакажа час. Яны сталі лепшымі па выніках усіх конкурсаў. Разам з тытулам "Уладар сяла" маладая сям'я павязе дахаты прыз - мотаблок, а яшчэ незабыўныя ўражанні і адрасы новых сяброў, такіх жа таленавітых і працавітых.