Анатоль Ярмоленка адзначае юбілей

15 ноября 2017

Саліст і нязменны лідар ансамбля "Сябры" сёння адзначае юбілей. Анатолю Ярмоленку - 70. За 5 дзесяцігоддзяў на прафесійнай сцэне нязменны кіраўнік легендарнага ВІА дабіўся, мабыць, усяго, пра што толькі можа марыць прафесійны музыкант. Уладальнік ордэна Францыска Скарыны і Ордэна дружбы ганаровага знака "За ўклад у развіццё культуры Беларусі". Хіты ў яго выкананні і сёння - гэта абавязковы аншлаг у зале. З 70-годдзем народнага артыста Беларусі павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што творчая дзейнасць мэтра прайшла выпрабаванне часам, працягвае служыць эталонам прафесійнага майстэрства і стала культурным здабыткам Беларусі. Пра чалавека - феномена беларускай эстрады - Дар'я Тарасава.

У свой юбілей Ярмоленка як заўсёды на сцэне і як заўсёды спявае, хоць і не планаваў. Канцэрт з нагоды свята познім вечарам. Пачынаючы з самай раніцы, графік народнага артыста распісаны штохвілінна, дзень нараджэння мэтрам эстрады ніколі не ўлічваецца. Па традыцыі галоўнага “сябра” краіны - Анатоля Ярмоленку - ўшаноўвалі ў Белдзяржфілармоніі. Менавіта тут асноўнае працоўнае месца артыста. Хоць у 70-х пачынаў з абласнога цэнтра, быў салістам Гомельскай філармоніі. З новымі лічбамі па-сапраўднаму народнага не толькі па званні віншавалі высокапастаўленыя госці, творчая эліта і, вядома, яго “Сябры” - калектыў, які дзякуючы такому лідару ў гэтым годзе адзначае сваё 45-годдзе на прафесійнай сцэне.

Ён дакладна ведаў - стане музыкантам. Прафесію выбраў яшчэ падчас службы ў арміі, там жа пазнаёміўся з Муслімам Магамаевым, творчасцю якога быў натхнёны. Затым стварыўся “Сувенір”. Але Ярмоленка заўсёды хацеў зрабіць нешта сваё. Так у 70-х свет пачуў “Сяброў”. Дарэчы, і назва культавага ВІА - заслуга Анатоля Іванавіча. Сімвалічна, што імя калектыў атрымаў у дзень нараджэння Ярмоленкі ў 1973 годзе. Затым з'явіўся шлягер усіх часоў “Алеся”, з якім музыканты перамаглі на тэлевізійным песенным конкурсе. Разам з кампазіцыяй прыйшло ўсесаюзнае прызнанне і папулярнасць.

Леанід Дранько-Майсюк, паэт: "З вуснаў Ярмоленкі людзі ў далёкіх гарадах СССР упершыню пачулі беларускую мову. Я гэта ведаю. Калі я туды прыязджаў, у гэтыя гарады сібірскія, людзі да мяне падыходзілі і казалі, што беларускую мову чулі з вуснаў Ярмоленкі. Гэта мы павінны памятаць, вось чаму ён народны. Наша нацыянальнае мастацтва данёс у самы далёкі куточак".

Яго падачу і вакал наўрад ці зблытаеш з кімсьці. Нават зайздроснікі прызнаюць - рэдкі голас Ярмоленкі - тэнар-альтына - не толькі не старэе, але з гадамі набірае ўсё большы шарм. Сёння прозвішча Ярмоленка - гэта сапраўды творчая дынастыя. Жонка Раіса, з якой Анатоль Іванавіч разам больш за 40 гадоў, пачынала працу ў “Сябрах” у якасці касцюмера. Дачка Алеся не менш вядомая ў музычных колах. На пяткі наступае і будучае пакаленне - унук Анатоль, які часта спявае разам са знакамітым дзедам на прэстыжных песенных пляцоўках.

Мала хто ведае, што фірменны стыль Анатоля Ярмоленкі запазычаны з савецкага мастацкага фільма па аднайменнай аповесці “Алеся”. Менавіта пасля выхаду кінастужкі народны артыст адпусціў бародку і стаў падобным на маладога Купрына. Сёння імідж самага знакамітага “сябра” вядомы ва ўсім свеце.

Свой 70 дзень нараджэння Ярмоленка праводзіць ў сталіцы песеннай культуры – у Маладзечне. Там даецца канцэрт з нагоды юбілею народнага артыста. Ужо заўтра Анатоль Ярмоленка са святочнай праграмай адправіцца ў тур па Расіі.