У рамках ваенна-тэхнічнай дапамогі Беларусь перадала Сербіі 4 легендарныя знішчальнікі МіГ-29

25 февраля 2019

Моцны падмурак адносін пабудаваны і з яшчэ адной блізкай краінай - Сербіяй. У рамках ваенна-тэхнічнай дапамогі па рашэнні Прэзідэнта наша краіна перадала 4 самалёты МіГ-29. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі айчыннага дзяржваенпрама, а таксама спецыялісты абаронных ведамстваў дзвюх краін. Перад адпраўкай самалёты часткова мадэрнізуюць. Паводле ўмоў дагавора, на іх паставяць сучасныя ўзоры беларускага абсталявання. Аб супрацоўніцтве ваенных ведамстваў падрабязна Аляксандр Камовіч.

Легендарны знішчальнік МіГ-29 не мае патрэбы ў прадстаўленні. Нягледзячы на тое, што масавы выпуск гэтых самалётаў пачаўся ў сярэдзіне 80, такія машыны дагэтуль стаяць на ўзбраенні дзясяткаў краін свету. А ўся справа ва ўнікальных тактыка-тэхнічных характарыстыках гэтай машыны.

Паводле ацэнак экспертаў, МіГ-29 быў і застаецца лепшым самалётам для блізкага бою. Гэта звязана ў тым ліку з яго выдатнымі манеўранымі характарыстыкамі. Сваю надзейнасць знішчальнік даказаў у самых розных канфліктах - ад Афганістана да Сірыі.

Сёння 4 крылатыя машыны ўрачыста перадалі УС Сербіі.

Самалёты выдзелілі са складу Мінабароны Беларусі. Аднак да таго як МіГі адправяцца на дзяжурства ў небе над дружалюбнай Сербіяй, іх чакае рамонт, а таксама частковая мадэрнізацыя. Усе работы будуць праведзены на 558 авіярамонтным заводзе ў Баранавічах. Туды самалёты прыбылі напярэдадні.

Павел Пінігін, дырэктар 558-га авіярамонтнага завода: "За рамонт плаціць сербскі бок. Тэрмін ад года да паўтара ў залежнасці ад таго, які аб'ём мадэрнізацыі будзе вызначаны ў тэхнічным заданні. У асноўным навігацыйная сістэма мадэрнізаваная. Часткова магчыма будзе мадэрнізаваная і сістэма радыёэлектроннай абароны самалёта. Сістэма ўзбраення па магчымасці будзе мадэрнізаваная".

Рашэнне аб перадачы МіГаў было прынята Аляксандрам Лукашэнкам у якасці ваенна-тэхнічнай дапамогі. Паводле слоў сербскага міністра абароны, такі жэст - гэта яшчэ адзін крок ва ўмацаванні двухбаковых адносін.

Аляксандр Вулін, Міністр абароны Сербіі: "Ёсць яшчэ шэраг ваенна-эканамічных праектаў. Мы зацікаўлены ў пэўных тэхналогіях, якімі валодае Беларусь. Паміж нашымі краінамі праходзяць сумесныя вучэнні. Сёлета мы будзем прымаць руска-беларуска-сербскія ваенныя вучэнні "Славянскае братэрства". Наогул паміж нашымі арміямі існуюць 34 праекты".

Сёлета спаўняецца 25 гадоў дыпламатычным адносінам паміж Беларуссю і Сербіяй. Ваенныя ведамствы дзвюх краін шчыльна супрацоўнічаюць апошнія 5 гадоў.

Так, напрыклад, у 2018 наш бок таксама перадаў партнёрам 4 знішчальнікі.

Як адзначылі сербскія калегі, паміж нашымі краінамі не проста партнёрскія, але і цёплыя сяброўскія адносіны. Шмат у чым такому становішчу паспрыяў і асабіста Прэзідэнт Беларусі.

Самі ж вайскоўцы жартам параўноўваюць такое супрацоўніцтва з самалётам на ўзлётнай паласе - чым далей, тым больш імкліва і вышэй.