У нядзелю ў рамках Еўрапейскага тыдня мабільнасці на вуліцы Кастрычніцкай пройдзе маштабнае свята

18 сентября 2019

У Беларусі праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Сёлета асаблівая ўвага да бяспекі пешаходнага і веласіпеднага руху. Тэматычныя акцыі і мерапрыемствы праходзяць у сталіцы, а таксама ў 10 гарадах цэнтральнага рэгіёна. Завершыцца Тыдзень мабільнасці экалагічнай акцыяй “Дзень без аўто”. У гэту нядзелю вадзіцелі змогуць бясплатна праехаць на грамадскім транспарце. Праязным  стануць вадзіцельскае пасведчанне і тэхпашпарт. Правядзенне экалагічнай акцыі дазволіць знізіць колькасць выкідаў у навакольнае асяроддзе.

Аксана Ючковіч, кансультант Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад аўтатранспарту ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь складае 63 %. Для горада Мінска гэтая лічба складае 88 %. Прадугледжана вымярэнне якасці атмасфернага паветра 21-22 верасня для параўнання, наколькі знізяцца выкіды ў Дзень без аўтамабіля".

Дарэчы, у нядзелю ў рамках Еўрапейскага тыдня мабільнасці  на вуліцы Кастрычніцкай пройдзе маштабнае свята. Там выберуць самы яркі веласіпед. А затым  пройдзе велапрабег.

Штогод Еўрапейскі тыдзень мабільнасці падтрымлівае каля 50 краін. Па актыўнасці  Беларусь на 9 месцы. Сёлета экалагічныя акцыі пройдуць больш як у 70 гарадах нашай краіны.