У Полацкім раёне зладзілі Жаніховыя агледзіны

8 декабря 2018

Які ён - зайздросны жаніх? Гэтым пытаннем задаліся ў Полацкім раёне і зладзілі Жаніховыя агледзіны. На этнавечарыну ў аграгарадок Гараны з'ехаліся лепшыя жаніхі з усяго раёна. Выпрабаванні іх чакалі няпростыя, самае яркае, мабыць, гэта танцы на лаве, таму ў памочнікі канкурсанты ўзялі правераных сяброў і сватаў. Пра выбар - хай жартоўны, але няпросты - рэпартаж Вольгі Маслоўскай.

Першы хлопец у вёсцы. Пра кожнага з іх так гавораць у родным сяле. Але званне самага зайздроснага жаніха раёна не дае спакою. Таму яны тут.

На некалькі дзён яны забылі аб працы і вучобе, бо ўсе сілы былі кінутыя на падрыхтоўку да конкурсу. Сваімі рукамі зрабіць падарунак нявесце, падрыхтаваць візітоўку і, галоўнае, сабраць каманду мары.

Званне самага зайздроснага жаніха аспрэчваюць 9 прэтэндэнтаў. Выпрабаванняў шмат, але ў кожнага ўдзельніка ёсць надзейная падтрымка сватаў і сяброў.

Песні, танцы, вершы. Сакрэт перамогі не ведаў ніхто. У ход ішоў нават эпатаж.

Сабраць мясарубку з заплюшчанымі вачамі, на хуткасць забіць цвікі ў калоду, не расплюхаць ваду з вёдраў падчас гімнастычных практыкаванняў: уменні для жаніха, можа быць, і бескарысныя, затое для настрою – як і мае быць.

Самым складаным выпрабаваннем было патанчыць на лаве і пры гэтым не зваліцца. Зладзіліся не ўсе. Нават самаму зайздроснаму жаніху раёна пазбегнуць падзення не атрымалася. Але сілу духу гэта не зламала. Па выніках усіх конкурсаў перамогу нявесты і журы аддалі канкурсанту з вёскі Багатырскай. Волаты - хай і гламурныя - заўсёды ў пашане.

Вечарына скончылася танцавальным майстар-класам і агульнай фатаграфіяй на памяць. Наперадзе яшчэ шмат доўгіх зімовых вечароў, а значыць, і жаніхоў, і нявест яшчэ не раз паклічуць на яркія народныя забавы.