У Пінску будуюць першы беларускі круізны лайнер

1 июня 2016

Падчас падарожжа на борце змогуць адначасова размясціцца каля 30-ці чалавек. Маршрут па водным шляху будзе пралягаць ад Брэста да Мазыра, а ў перспектыве ён зможа стаць і міжнародным. Выйсці на хадавыя выпрабаванні цеплахода рачнікі плануюць ужо напрыканцы ліпеня. Як рыхтуюцца да гэтага, Вікторыя Патоня ўбачыла адной з першых.

На лайнеры ідуць апрацоўчыя работы. Усяго тут размесцяцца 16 кают на дзвюх палубах. Прадугледжаныя кандыцыянеры, душавыя, бесправадны Інтэрнэт. Узровень камфортнасці вызначаецца апартаментамі эканамклас, стандарт і люкс. Для пінскіх рачнікоў гэта пілотны праект. Яшчэ некалькі гадоў таму карабель лічыўся ў тэхнічным флоце. Дзякуючы праграме інавацыйнага развіцця Мінтранса Беларусі ён атрымаў шанц на другое жыццё.

У даўжыню рачны карабель 50 метраў. Каб тэхнічнае судна стала круізным лайнерам, змянілі яго канфігурацыю: падоўжылі нос і на цэлую палубу зрабілі вышэй.

Сэрца цеплахода - машыннае аддзяленне. Распрацоўшчыкі праекта ўлічылі нюансы бяспекі на борце. На няштатную сітуацыю спрацуе аўтаматыка. Дызель-генератар забяспечыць цеплаход электрычнасцю. А само падарожжа ў аўтаномным рэжыме разлічанае на пяць сутак. Дарэчы, у круізным варыянце цеплаход зможа прыняць каля 30 чалавек, у прагулачным - больш за 50. На верхняй палубе пад тэнтам размесціцца рэстаран па сістэме "шведскі стол".

Сяргей Зубко, намеснік гендырэктара прадпрыемства "Днепрабугводшлях": "Мэта самога круізу - першае: пазнаёміць з унікальнай прыродай Днепрабугскага канала, сярэдняй Прыпяці. Другое: мы павінны паказаць этнаграфічны, гістарычны складальнік Беларусі. Гэта наведванне музеяў, нейкіх значных мясцін. І трэцяе: прадугледжваецца наведванне вытворчасцяў, дэгустацыі".

Спецыялісты спадзяюцца, што круізны варыянт зможа зацікавіць больш турыстаў, у тым ліку замежных гасцей. І ўжо ёсць першыя дамоўленасці.

Мікалай Кацецкі, гендырэктар прадпрыемства "Днепрабугводшлях": "Мы падпісалі пратакол намераў з расійскай кампаніяй, якая працуе на рынку турыстычных паслуг ужо не першы дзясятак гадоў. У іх ёсць грандыёзныя планы, і мы сумесна хочам стварыць нармальны турыстычны маршрут".

Пакуль лайнер будзе курсіраваць па маршруце Брэст - Мазыр, праграма ў распрацоўцы. У перспектыве рэйс можа стаць міжнародным. Тэхнічныя характарыстыкі дазваляюць заходзіць, напрыклад, у кіеўскі порт. Таксама Беларусь, Польшча і Украіна зараз вядуць перамовы па аднаўленні трансгранічнай воднай магістралі Е40 на ўчастку Днепр - Вісла. Водны шлях некалі злучаў Балтыйскае і Чорнае моры. Першыя хадавыя выпрабаванні лайнера прызначаныя на ліпень.