У Магілёве сёння асвяцілі новы Спаса-Праабражэнскі сабор

6 августа 2015

Святыню, якая некалі ўпрыгожвала горад, пабудавалі зноў. Сотні вернікаў сабраліся на святочнае набажэнства, узначаліў якое Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Павел. Самы вялікі храм у Беларусі, вышыня якога роўная 24-павярховаму дому, зможа ўмясціць тры з паловай тысячы вернікаў. Пра велічны дом малітвы - Андрэй Ястрабаў.

Будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага храма ў Магілёве пачалося яшчэ ў 2000 годзе. Увесь гэты час вернікі маліліся ў вагончыку, які стаяў непадалёк. У невялікім памяшканні месца хапала далёка не ўсім.  

На працягу 15 гадоў цаглінка за цаглінкай на ахвяраванні вернікаў узводзілі святыню. Сёння храм можа ўмясціць тры з паловай тысячы чалавек. Яго купалы бачныя з любога месца горада. Дарэчы, цэнтральны  важыць амаль 12 з паловай  тон. Пакрытыя яны сучасным нанаматэрыялам - сплавам нітрыду тытана. Таму ніколі не страцяць свой бляск.  

Сабор стаў самым вялікім у Магілёўскай вобласці. Вышыня - амаль 60 метраў. З пяццю купаламі. Сцены з часам распішуць фрэскамі і ўпрыгожаць абразамі.

На асвячэнне велічнага храма сабраліся сотні вернікаў. Урачыстае набажэнства ўзначаліў   Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт  Павел. Хрэсны ход і першая служба. Доўгачаканая падзея для ўсіх вернікаў.

На працягу года ў храме абяцаюць скончыць іканастас,  над якім працуюць лепшыя майстры разьбярства па дрэве. Тут жа пабудуюць і званіцу.  У нядзельнай школе дзецям будуць выкладаць слова Божае.

Сафроній, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі: "Гэта цэнтральны храм горада, самы вялікі ў рэспубліцы. І мы сёння шмат гаварылі, што ў храме здзяйсняецца духоўнае ператварэнне чалавека, чалавек ачышчаецца ад граху і набліжаецца да Бога".