У Мінскай вобласці прайшлі чарговыя прамыя лініі з кіраўнікамі розных узроўняў

24 января 2015

Другі тыдзень у цэнтральным рэгіёне кіраўнікі розных узроўняў цэнтралізавана праводзяць суботнія прамыя тэлефонныя лініі. Сёння на пытанні грамадзян адказаў старшыня Мінскага абласнога савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. Закраналіся дзейнасць камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне дарог, прыватызацыя і нават своечасовасць выплаты зарплат.

Антаніна Станкевіч высветліла, наколькі эфектыўная такая форма работы з людзьмі. Званкі раздаюцца літаральна адзін за адным. На провадзе па чарзе Узда, Любань, Маладзечна – адным словам, спрэчныя пытанні і праблемы ёсць ва ўсіх раёнах вобласці. Трывожны званок з Валожына – у цэнтры горада знаходзіцца дом, дзе ўмовы пражывання ледзь не горшыя, чым у самай глухой вёсцы.

Некалькі хвілін дыялога – і кампраміснае рашэнне знойдзена. Праўда, праблема маштабная – вырашыцца яна не праз тыдзень і нават не праз два, але ўжо летам, хутчэй за ўсё, сітуацыя зменіцца кардынальна.

Ніводная праблема не застаецца без увагі. За выключэннем хіба што такіх, якія вырашаць аблвыканкам не мае права ні па законе, ні па паўнамоцтвах.

Але падобная работа з праблемамі людзей вядзецца не два тыдні. Прыёмы грамадзян і тэлефонныя размовы адбываюцца рэгулярна, і такая схема працуе – упэўненыя жыхары гэтага дома ў Чэрвені. Крыху менш чым год таму праблем тут было шмат, але зараз, пасля капрамонту, становішча і настрой жыхароў выправіліся.

Некаторыя пытанні вырашаюцца за некалькі тыдняў, для іншых патрабуецца больш часу. Але галоўнае – звярнуць на спрэчныя моманты дадатковую ўвагу.