У Мінскім раёне траса для велагоншчыкаў-экстрэмалаў разбураная

1 февраля 2018

Моладзевыя інтарэсы супраць літары закона. Гучны скандал разгарэўся ў Мінскім раёне. Траса для велагоншчыкаў-экстрэмалаў аказалася разбуранай. Спартсмены ў шоку - гавораць, яны звярталіся да чыноўнікаў, аднак кантакту знайсці не змаглі. Зараз і зусім аказаліся без інфраструктуры, якую стваралі сваімі сіламі, без дзяржпадтрымкі. Тым часам, леснікі тлумачаць - адбылося грубае ўмяшанне ў прыродную экасістэму. Нанесены ўрон, які можа стаць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы, але за гэта несці адказнасць ахвотнікаў не знайшлося. Трасу прыйшлося ліквідаваць з пункта погляду бяспекі. Хто мае рацыю ў няпростай сітуацыі, хто вінаваты? І галоўнае - ці ёсць альтэрнатыва для выхаду энергіі маладых экстрэмалаў? Паспрабаваў высветліць Аляксандр Смірноў.

Веласіпедная траса ля вёскі Тарасава пад Мінскам стала ўпадабаным месцам трэніровак сталічных экстрэмалаў. Рэльеф, які вельмі ўдала падыходзіў для BMX-фрыстайла, гавораць, прыйшлося ўдасканаліць сваімі сіламі. У выніку траса атрымала вядомасць нават на прасторах СНД.

Траса з'явілася яшчэ да таго моманту, як гэты спорт прызналі алімпійскім відам. З-за адсутнасці альтэрнатыў і якой-небудзь падтрымкі інфраструктуру паднімалі сваімі сіламі. Таму калі ў мінулую суботу даведаліся аб зносе трасы, перажылі сапраўдны шок. Хлопцы гавораць, што першапачаткова з мясцовымі ўладамі быў дасягнуты поўны канэкт, зараз нейкія пісьмовыя, а тым больш вусныя дамоўленасці пацвердзіць няма чым.

Сёння па ініцыятыве міністра лясной гаспадаркі адбылася сустрэча з моладдзю. Аказалася, што сітуацыя неадназначная. Раней гэты ўчастак лесу знаходзіўся ў распараджэнні Мінска, два гады таму перайшоў пад юрысдыкцыю Бараўлянскага лясгаса. Літаральна ў лістападзе яго супрацоўнікам стала вядома аб сур'ёзных змяненнях, унесеных у трасу. Нібы працавалі не толькі лапатамі, але нават прыгналі тэхніку. А гэта вельмі важкае правапарушэнне. Два месяцы на ўчастку дзяжурылі рэйдавыя патрулі. У выніку небяспечныя горкі з мэтай бяспекі і ліквідацыі наступстваў умяшання ў прыроду вырашылі зраўнаваць з зямлёй.

Па законе існуюць два варыянты: арэнда юрыдычнай асобай (але пры гэтым глебу паднімаць нельга) і вывядзенне з лесакарыстання (але тут рашэнне прымаецца толькі на вышэйшым узроўні). Нічога гэтага зроблена не было. Дарэчы, урон лесу толькі папярэдне ацэнены ў 50 тысяч рублёў.

Маладыя экстрэмалы аказаліся літаральна ў падвешаным стане. Што рабіць далей - падказваюць работнікі лясгаса: пачакаць. Ужо падпісаны пакет дакументаў, у тым ліку аб дзяржрэгістрацыі і перадачы зямель пад узвядзенне аналагічнага аб'екта пад вела- і мотаспорт на былым кар'еры ў Мінскім раёне. Напрамак - Магілёўская траса, адрас - вёска Прылессе.

Леснікі падлічылі: пашкоджана глеба на плошчы 2 500 квадратных метраў. Дакладна падлічаць з дапамогай спецыяльных прыбораў. Прыродзе нанесены ўрон у буйным памеры, гэта крымінальная справа. Дакладна можна сказаць, што працяг у гэтай гісторыі будзе, але відавочна без хэпі-энду.