У Мінску выбралі лепшую школу і гімназію

29 мая 2018

Адукацыйныя смарт-тэхналогіі. У Мінску выбралі лепшую школу і гімназію. На прафесійным спаборніцтве канкурсанты прэзентавалі сваю работу праз прома-ролікі і творчыя праекты. Лепшых выбралі сярод 25 фіналістаў. Аляксандра Кавеліч адправілася ў 4-ю школу, якая па выніках гарадскога конкурсу стала першай.

Святло, камера... У эфіры школьныя навіны. Сапраўдная студыя ў 4-й школе Мінска з'явілася яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Зараз стужку навін абнаўляюць не толькі на школьным тэлеканале, але і на анлайн-рэсурсах. Сёння за радыёмікрафонам - Ксенія Зайцава. Дзесяцікласніца ўжо вызначылася з будучай прафесіяй.

У суседняй творчай студыі юныя гаспадыні асвойваюць розныя тэхнікі рукадзелля. Яркія сувеніры ператвараюцца ў арыгінальныя падарункі ручной работы.

Творчыя і даследчыя праекты, а таксама ўрокі з ужываннем новых тэхналогій. Сёлета 4-я сталічная школа стала лепшай па выніках гарадскога конкурсу.

У школе і паўтара дзясятка музычных накірункаў. А ў рэпертуары юных скрыпачоў, цымбалістаў і гітарыстаў не толькі класіка, але і саўндтрэкі да папулярных фільмаў.

А тут можна адправіцца на стагоддзі назад і пазнаёміцца з традыцыямі продкаў. Самабытны музей размясціўся ў адным са школьных кабінетаў. Тут цалкам аднавілі інтэр'ер сялянскай хаты. Вялікая печ, кросны - нават сцены аздоблены натуральным дрэвам.

Экспанаты з гісторыяй збіралі настаўнікі разам з вучнямі і бацькамі. У такім антуражы зараз вывучаюць народную музыку, беларускую літаратуру і гісторыю.

Дарэчы, гісторыя самой школы – а ёй больш за сто гадоў - тэма для цэлага ўрока. І гэта адлюстроўваецца не толькі ў архівах. Будынак навучальнай установы, які размясціўся ў самым цэнтры сталіцы, не проста ўпрыгажэнне горада - гісторыка-культурная каштоўнасць.