У Мінску сёння адкрыецца XXII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш

11 февраля 2015

28 краін-экспанентаў і рэкордныя паўтары тысячы квадратных метраў плошчы. Роўна апоўдні ў Мінску сёння адкрыецца XXII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Сёлета форум упершыню пройдзе пад  дахам Нацыянальнага выставачнага цэнтра "Белэкспа". Першыя кадры з міжнароднай экспазіцыі прывезла наш карэспандэнт Паліна Іванча.

 

Яна абяцае стаць самай буйной за ўсю гісторыю сталічных кніжных форумаў. Сёлета ў Мінск свае фаліянты прывезла рэкордная колькасць краін - 28. Упершыню на беларускай пляцоўцы кніжная прадукцыя з Бразіліі. Самыя ж буйныя гасцявыя  экспазіцыі ў Германіі, Францыі, Ірана і Вялікабрытаніі.

Тытул ганаровага госця  на гэты раз аддадзены Кітаю. А падчас выставы беларускі і кітайскі бакі маюць намер падпісаць мемарандум аб узаемных перакладах выданняў літаратурных твораў абедзвюх краін на наступныя пяць гадоў. Цэнтральным жа экспанентам мінскай міжнароднай кніжнай выставы стане стэнд Расіі.

Нацыянальная экспазіцыя падзеленая па тэматычных зонах: "Мая Беларусь", энцыклапедычная літаратура, навучальная, дзіцячая, а таксама літаратурна-мастацкая кніга. Галоўных тэм кніжнага форуму дзве: 70-годдзе Вялікай Перамогі і маладзёжная. Менавіта таму тут запланаваная не адна ўрачыстая цырымонія. За найбліжэйшыя дні назавуць пераможцаў Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката, а таксама лепшых маладых літаратараў прэміі "Першая глава".

Цэнтральным на беларускім кніжным форуме стане міжнародны сімпозіум "Пісьменнік і час". Свой удзел у ім пацвердзілі літаратары з 16 краін. Адзначым, гэта далёка не ўсё, што запланавана ў праграме кніжнага кірмаша. Пераканацца ў гэтым асабіста можна будзе да 15 лютага.