У Мінску рамантуюць дарожнае пакрыццё мастоў і падземных пераходаў

19 апреля 2016

Сёлета ў сталіцы адновяць 22 мільёны метраў квадратных дарожнага пакрыцця. Асаблівую ўвагу дарожнікі надаюць кальцавой: рамантуюць масты і падземныя пераходы. На МКАД - тры дзясяткі такіх інжынерных збудаванняў. Чаму работы на кальцавой праводзяць у асноўным ноччу - высвятляў Аляксандр Харавец.

У той час як горад рыхтуецца да сну, у дарожнікаў толькі пачынаецца змена. Ноччу на вуліцах сталіцы значна менш транспарту, таму работы на артэрыях горада праходзяць больш хутка і бяспечна. Аляксандр Шарснёў разам з калегамі мяняе бар'ерную агароджу на кальцавой. Нядаўна тут здарылася аварыя. Таму адбойнікі ідуць пад замену. За ноч паспяваюць аднавіць амаль тры такія ўчасткі даўжынёй у 10-20 метраў.

Толькі гэтай ноччу наводзіць парадак на МКАД выйшлі звыш сотні рабочых. Якасць выкананых работ асабіста кантралюе дырэктар Гаррамаўтадара.

Дзяніс Глінскі, гендырэктар ДВА «Гаррамаўтадар»: "Перад намі стаіць задача прыбраць увесь горад. Прывесці ў належны парадак каля 22 млн. кв. метраў асфальтабетоннага пакрыцця, і да першага мая ўсё зробім".

Пад асаблівай увагай - пуцеправоды. Сёння ў сталіцы амаль сто мастоў. 4 з іх адрамантуюць капітальна. Адновяць агароджу, тратуары, а таксама дэфармацыйныя швы паміж мостам і трасай. Сучасны падыход з аднаго боку робіць рамонт дарог больш танным, з другога - якасць асфальтавага пакрыцця павялічваецца. Камфорт пры гэтым адчуваюць вадзіцелі.

На афарбоўку толькі аднаго пуцеправода неабходна амаль 800 кілаграмаў фарбы. Для таго каб цалкам аднавіць вось гэты мост, рабочым спатрэбяцца пяць дзён.

Фарбу наносяць валікам, тонкім слоем, каб засцерагчы праезную частку ад выпадковага расцякання і аўто – ад нежаданага цюнінгу. Цалкам аднавіць кальцавую плануюць да першага мая.