У Мінску праходзіць суд па справе аб дагаворных матчах

25 сентября 2017

Сёння ў Мінску праходзіць суд па справе аб дагаворных матчах. Паводле звестак ГУБАЗ, беларускія арганізатары футбольных турніраў былі звязаныя з крымінальнымі аўтарытэтамі, якія рабілі высокія стаўкі ў букмекерскіх канторах Еўропы і Азіі.

Уладзімір Каралёў пабываў у зале суда. Упершыню ў Беларусі фігуранты крымінальнай справы паўстануць перад судом па артыкуле 253 - гэта подкуп удзельнікаў і арганізатараў спартыўных спаборніцтваў. Такіх судовых разбораў у нашай краіне яшчэ не было.

Ужо вядома, што ўсе абвінавачаныя ў справе аб дагаворных матчах прызналі сваю віну. Гаворка ідзе пра 5 гульняў у 2015 і 2016 гадах. Спіс асоб, якія праходзяць па справе, налічвае каля двух дзясяткаў чалавек. Усе яны абвінавачваюцца па адным артыкуле. Паводле звестак следства, грамадзяне Украіны і Расіі перадавалі грошы футбалістам беларускага чэмпіянату, каб тыя паўплывалі на зыход матча. Загадзя пастаўленыя і, як вынік, адгаданыя стаўкі ў букмекерскіх канторах Еўропы і Азіі прыносілі немалы даход. Сумы выйгрышаў невядомыя, затое ў крымінальнай справе фігуруюць сумы саміх ставак, якія залежалі ад катэгорыі матчаў. Паводле звестак ГУБАЗ, гульні першай Лігі - да 4 тысяч долараў, а гульні Вышэйшай лігі і Кубка Беларусі - да 18 тысяч. Капітал, які выкарыстоўвалі для ставак у букмекерскіх канторах, меў відавочна крымінальнае паходжанне.

Санкцыя артыкула 253 прадугледжвае розныя віды пакарання - гэта штраф, пазбаўленне права займаць пэўную пасаду, арышт або абмежаванне волі. Максімальнае пакаранне - пазбаўленне волі на тэрмін да 3 або 4 гадоў, калі ў судзе будзе даказана паўторнасць подкупу ўдзельнікаў або арганізатараў.