У Мінску праходзіць сямейны гастрафэст

15 ноября 2018

На працягу двух тыдняў 10 сталічных рэстаранаў прапануюць сэты для дарослых і дзяцей. Меню прадумвалі дыетолагі і педыятры. Кожны рэцэпт ацэнены экспертамі. Больш падрабязна - у наступным матэрыяле Юліі Грызунт.
Вячэраць разам - добрая традыцыя ў сям'і Грышковых. Маці ўпэўненая: усё, што адбываецца на кухні, спрыяе "надвор'ю ў доме". Кожныя выхадныя кватэра Грышковых напаўняецца пахам выпечкі. Маленькая Алёна, нягледзячы на тое, што ёй усяго 4 гады, ахвотна дапамагае гатаваць нядзельныя сняданні. 
Сырнікі і аладкі - любімыя стравы дзяцей. Любоў да хатняй, карыснай для здароўя ежы - у іх з самага нараджэння.

Яшчэ адна нагода сабрацца ўсім разам за вячэрай - сямейны гастрафэст, які стартаваў у Мінску. Ён будзе доўжыцца да 24 лістапада. На працягу тыдня ў дзесяці рэстаранах будуць прапаноўваць розныя сэты коштам 24 рублі. Унікальнасць страў у тым, што для падрыхтоўкі выкарыстоўваюцца толькі карысныя прадукты - ніякіх маянэзных соусаў і строга падабраныя спецыі.
Сэты складаюцца з трох страў. Напрыклад, салата для маці, паста для таты і сырнікі для дзіцяці. Усе рэцэпты адобраныя экспертамі-дыетолагамі і педыятрамі. 
Медыкі ўпэўненыя: каб прывучыць дзіця да здаровай ежы, неабходна проста паказваць добры прыклад. Тады візіты да ўрачоў стануць не больш чым прафілактыкай. Вельмі важна дадаваць новыя прадукты ў рацыён з пэўнага ўзросту дзіцяці.
Гастрафэст - частка вялікага праекта, які за два гады аб'яднаў больш за 5000 бацькоў. Рэгулярныя сустрэчы і інфармацыйны партал дазваляюць быць у пастаянным кантакце ўсім матулям нашай краіны. 
На гэты раз кіраўнікі праекта вырашылі сабраць кангрэс, карысны для кожнай маці і кожнага таты ў нашай краіне. 24 лістапада ў Мінску пройдзе канферэнцыя, падчас якой спецыялісты правядуць лекцыі і майстар-класы для бацькоў. Разам з тым, урачы з розных рэгіёнаў Беларусі абмяркуюць, як наладзіць камунікацыю з пацыентамі і як весці дыялог з калегамі. Фармат адмысловы: на сцэне адновяць жыццёвыя сітуацыі - з уласнай практыкі. Інтэрактыўная праграма падрыхтаваная і для маладых матуль.