У Мінску прэзентавалі цыкл тэлеперадач пра навуку и навукоўцаў

4 сентября 2014
Сёння ў Мінску прэзентавалі цыкл тэлеперадач пра навуку і навукоўцаў, які зусім хутка ўбачаць гледачы тэлеканала Беларусь 3. Навукаманія, а менавіта так называецца эксклюзіўны праект, стала магчымай дзякуючы сумеснай працы навукоўцаў і карэспандэнтаў Белтэлерадыёкампаніі. На прэзентацыі сёння пабываў і Старшыня галоўнага медыяхолдынга краіны Генадзь Давыдзька. А ўжо праз некалькі гадзін, на сустрэчы з супрацоўнікамі аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны ў Салігорску, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі распавёў аб новых праектах, якія выйдуць у эфір у новым сезоне. Падрабязней - Ксенія Рабчынская.
Ці патрэбен вам ДНК-пашпарт, для чаго вырошчваюць трансгенныя расліны, і ці могуць ствалавыя клеткі прадоўжыць маладосць. Пытанні больш не рытарычныя. У новым сезоне на Беларусь 3 стартуе праект Навукаманія - тут распавядуць аб апошніх адкрыццях беларускай навукі і аб тым, пра што раней ніколі не гаварылі ў СМІ.
Да эфіру падрыхтаваны цыкл з 12 тэлеперадач, дзе проста і зразумела раскажуць, што важна для кожнага. Размова пойдзе пра транплантацыю органаў, распрацоўку інавацыйных лекаў, аналагаў якіх у свеце няма, захаванне культурных каштоўнасцяў і нават пра беларускую касмічную праграму.
Першую серыю эксклюзіўнага праекта Навукаманія на Беларусь 3 пакажуць ужо 7 верасня. Цыкл з 12 тэлеперадач будзе выходзіць у эфір раз у тыдзень. Сумесны праект Акадэміі навук і Белтэлерадыёкампаніі распавядзе аб інавацыйных распрацоўках беларускіх навукоўцаў. Стваральнікі ўпэўніваюць, аб гэтых адкрыццях вы даведаецеся першымі!
Сёння праект прэзентавалі ў сценах Акадэміі навук. З навукоўцамі асабіста сустрэўся і Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Тут гаварылі аб апошніх распрацоўках і нават прапанавалі некалькі новых сумесных праектаў, якія ў перспектыве могуць з'явіцца на тэлеканалах медыяхолдынга.
А ўжо праз некалькі гадзін ідэі для новых праектаў Белтэлерадыёкампаніі гучалі ўжо ў Салігорску. Сюды Генадзь Давыдзька прыехаў, каб пагутарыць з супрацоўнікамі аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны і - па сумяшчальніцтве - тэлегледачамі.
Наталля Сарыкевіч, галоўны рэдактар рэдакцыі газеты ААТ Беларуськалий:
Сёння мяне зацікавіла тэма ўзаемадзеяння тэлебачання і Інтэрнэту. І, мне здаецца, што нягледзячы на тое, што мы сёння ўваходзім у гэтую эру Інтэрнэту, шматлікія без яго проста не ўяўляюць жыцця, усё-такі тэлебачанне, як тэатр, як кінематограф, яно будзе заставацца класікай.
Гаварылі тут і пра плюсы лічбавага вяшчання і нават пра яшчэ адну кнопку на пульце - тэлеканал Беларусь 4. Генадзь Давыдзька прызнаўся, што гэты праект ужо на стадыі распрацоўкі. Ужо пасля сустрэчы Старшыня Белтэлерадыёкампаніі распавёў, што найважнейшым пытаннем стала праблема праваднога радыё.
Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі:
Прагучала вельмі сур'ёзнае пытанне наконт праваднога радыё - першы канал нацыянальнага радыё. У шматлікіх населеных пунктах ужо проста абрэзаны правады і людзі пазбаўлены інфармацыі. Замест таго, каб даць новыя прыёмнікі, набыць іх або сацыяльна не вельмі абароненым людзям падарыць, ва ўрадзе была такая праграма, гэтыя людзі засталіся без радыё, гэта няправільна. У гэтым кірунку трэба тэрмінова нешта рабіць.
Генадзь Давыдзька паабяцаў абавязкова адрэагаваць на заўвагі і паабяцаў прыслухацца да кожнай прапановы. Ён адзначыў, што такія сустрэчы ў фармаце, фактычна сам-насам, заўсёды дапамагаюць прафесійна ўдасканальвацца.
Чым здзівяць і парадуюць тэлеканалы галоўнага медыяхолдынга ў новым сезоне - ужо зусім хутка даведаецеся самі.