Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў дзейнасць "Мінатор-Сэрвіса"

21 января 2016

Прыватныя прадпрыемствы абароннага сектара павінны развівацца. Прэзідэнт сёння наведаў адно з такіх. Як вырабляюць сучасную абаронную тэхніку, і якія навінкі з'явіліся ў беларускага ваенпрама? На прадпрыемстве, дзе да гэтага дня не ішла нага журналіста, пабывала Вольга Макей.

Гісторыя гэтага прадпрыемства пачыналася яшчэ ў 1991-м з алоўка ў кішэні, так жартуюць супрацоўнікі, якія сёння збіраюць сучасную ваенную тэхніку ў прасторных цэхах. Калісьці тут размяшчалася стратная вытворчасць, якая і выкупіла прыватную кампанію "Мінатор-Сэрвіс". Зараз на мадэрнізаваных плошчах поўны ланцужок - ад праектавання да вырабу баявых машын. Выпускаюць сучасную, надзейную і, галоўнае, цікавую для заказчыка тэхніку.

Прыклад такой мабільнасці - новая распрацоўка прадпрыемства: сямейства лёгкіх гусенічных машын. Нягледзячы на назву - прызначэнне іх важкае. Тэхніка здольная несці абсталяванне самага рознага прызначэння: ад сістэм сувязі і радыёэлектроннай разведкі да сістэм кіравання войскамі і агнявых сродкаў паражэння. Машына ГМ-778 можа не толькі перасоўвацца з хуткасцю 70 кіламетраў за гадзіну, але яшчэ і плыць. Гэта своеасаблівы перасовачны камандны пункт. Начынне - абсталяванне, якое дазваляе прымаць баявыя рашэнні імгненна. Але гэта толькі кветачкі. Вось ягадкі. "Ківі". Машына з гэтай назвай гатовая весці барацьбу на радыёэлектронным полі. Проста кажучы, кантраляваць эфір праціўніка і пры неабходнасці пазбаўляць яго сувязі.

Экіпаж гэтай машыны-разведчыка - 4 чалавекі. Дзякуючы звышдакладнай электроніцы і камп'ютарных тэхналогіях "Ківі" здольная выявіць кірунак радыёсігналу, стварыць перашкоды і нават зусім вывесці са строю цэлую сістэму кіравання варожымі падраздзяленнямі.

"Маскіт". Толькі звонку гэтая машына нагадвае кабрыялет з адчыненым светлым скураным салонам. Супрацьтанкавы ракетны комплекс дзівіць ва ўсіх сэнсах. Здольны ліквідаваць бранетанкавую тэхніку, верталёты, якія ляцяць на невялікай вышыні і нават караблі. "Маскіт" здольны не толькі імчацца з хуткасцю 80 кіламетраў за гадзіну, але яшчэ і перасоўвацца па вадзе. Пры гэтым машына мае параўнальна невялікія габарыты - так яе прасцей маскіраваць.

Як наладжана вытворчасць на гэтым прадпрыемстве - Прэзідэнта цікавіць нездарма, кампанія - прыватная. Сёння ў беларускім абаронным сектары задзейнічаныя 139 арганізацый, з іх ледзь ці не палова з прыватнай формай уласнасці. Але не гэта галоўнае, зважае Аляксандр Лукашэнка. Прадпрыемства ў першую чаргу павінна быць эфектыўным і прыносіць карысць дзяржаве.

Рэч у тым, што да прадпрыемства ўшчыльную прымыкае аўтамабільная стаянка, на якой можна было б пабудаваць адміністрацыйны корпус або новы цэх. Гэта значыць - пашырыць перспектыўную вытворчасць. Аляксандр Лукашэнка гэтую ідэю падтрымлівае, плошчы перададуць на працягу першага квартала, а для стаянкі вылучаць іншы ўчастак. Акрамя таго, Прэзідэнт прапаноўвае выпрацаваць механізм працы з прыватнымі кампаніямі абароннага сектара: стварыць пры дзяржсакратарыяце своеасаблівы штаб з некалькіх чалавек, якія дапамагалі б вырашаць праблемныя пытанні і падтрымліваць прыватнікаў.

На 99 працэнтаў вынік працы гэтых інжынераў і механікаў - экспарт. Прадпрыемства ўдзельнічае і ў расійскім дзяржабаранзаказе. Для арміі суседзяў мадэрнізуюць ракетныя ўсталёўкі "Тунгуска". Ёсць заказы на абслугоўванне баявых машын з Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. Словам, іх праца запатрабаваная, а гэта дазваляе прадпрыемству працаваць з плюсам нават у няпростыя эканамічныя поры.

Прэзідэнт з цікавасцю ўнікае ва ўвесь тэхналагічны працэс. Браняваныя машыны вагой у дзясятак тон збіраюць у гэтых цэхах. Тут жа і самая знакамітая распрацоўка "Мінатор-Сэрвіса"- "Сталкер". Першая ў свеце машына, вырабленая па тэхналогіі "стэлз". Яе яшчэ завуць "танк-нябачнік". Каб яго знішчыць, трэба перш заўважыць, што практычна немагчыма. Яшчэ адна перавага - хуткасць. А гук матора гэтага пазадарожніка можна будзе пачуць ужо да канца года, абяцаюць вытворцы. Ваенны джып зможа і плаваць, і ехаць з хуткасцю 120 кіламетраў за гадзіну, і несці артылерыйскае ўзбраенне. Новая распрацоўка ваеннага прадпрыемства - максімальна лакалізаваная, гэта значыць, фактычна цалкам са складальнікаў беларускай вытворчасці. Толькі вось сэрца ў гэтага беларуса пакуль будзе біцца расійскае.

У планах "Мінатор-Сэрвіса" - развівацца, а значыць, і пашыраць вытворчасць. Пляцоўка ў прадпрыемства ёсць і ў раёне мінскай вуліцы Карвата, там кампанія гатовая ўзвесці новы сучасны цэх, але зямля ў арэндзе, а гэта не дае права на будоўлю. Акрамя таго, на гэтай тэрыторыі планавалі жылы мікрараён. Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца ў пытанні і на працягу тыдня знайсці аптымальны варыянт.

У цэлым убачаным на прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены. Гэта добры прыклад працы прыватнай кампаніі. Дарэчы, за кошт прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці сёння фарміруецца вялікая частка бюджэту. Менавіта такой, эфектыўнай і перспектыўнай, і павінна быць прыватызацыя.

На памяць аб наведванні завода ў падарунак Прэзідэнту - макет баявой машыны "Сталкер". Такой хуткай і мабільнай сёння павінна быць і беларуская армія. Толькі з такім арсеналам можна адчуваць сябе ўпэўненым. І гэта далёка не дэманстрацыя сіл, а гатоўнасць у любую хвіліну даць адпор. У гэтым і ёсць беларуская абаронная стратэгія.