У Мінску агучылі імя "Прафлэдзі-2018"

6 марта 2018

Што ж, відавочна, што таленты прыгожай паловы - бязмежныя. А яшчэ ў гэтым спісе - уменне дапамагаць людзям. Літаральна некалькі гадзін назад у Мінску агучылі імя "Прафлэдзі-2018". Такі конкурс Федэрацыя прафсаюзаў арганізавала ўпершыню. І з сотні канкурсантак да фіналу дайшлі толькі 8. Першую прыгажуню прафсаюзаў убачыў Аляксандр Харавец.

У пачатку іх была сотня. Да фіналу конкурсу дайшлі толькі 8 найлепшых прадстаўніц прафсаюзаў з усёй Беларусі. Таццяна Пашкевіч ужо пяць гадоў сочыць за тым, каб у яе калектыве быў камфортны мікраклімат. І накшталт атрымліваецца. У такім праекце ўдзельнічае ўпершыню. Прызнаецца, дзяўчаты добра пасябравалі паміж сабою, але ўсё-такі канкурэнцыя прысутнічае.

Таццяна Пашкевіч, удзельніца конкурсу "Прафлэдзі-2018": "Ёсць канкурэнцыя, але я ўсіх успрымаю як асоб. Мне вельмі цікава з усімі пагутарыць, і для мяне намінацыя не такая і важная. Вельмі прыемна, што можна прыняць удзел у такім праекце".

Лілія Лебедзева хоць і вадзіцель са стажам, але ў кабіне вялізнага БелАЗа сёння ўпершыню. Вышыня і габарыты аўтагіганта пакарыліся дзяўчыне. Прызнаецца, нешта падобнае адчула пасля таго, як разам з калегамі змагла дапамагчы арганізаваць лячэнне хлопчыку, які хварэе на рак.

Лілія Лебедзева, удзельніца конкурсу "Прафлэдзі-2018": "Дапамагалі маме ў самым пачатку. І дапамагалі рахункі адкрываць. І першыя зборы збіраць. І праводзілі кірмашы дабрачынныя. Дзіця ўжо ідзе на папраўку. Вярнулася дахаты".

Пошук найбольш ініцыятыўных і актыўных прадстаўніц прафсаюзаў - і ёсць галоўная місія праекта. "Прафлэдзі" - гэта не конкурс прыгажосці. Арганізатары падкрэсліваюць, шукалі дзяўчат, якія ведаюць, як абараняць правы і інтарэсы калегаў, а таксама ўмеюць дапамагаць не толькі словам, але і справай.

Сяргей Камадзей, начальнік упраўлення Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Быў сур'ёзны адбор. Больш за сотню прафсаюзных лідараў было. У першую чаргу адбіралі па прафесійных поспехах, адбіралі ў інтэрнэт-галасаванні на нашым сайце".

І хай яны не прафесійна дэфілююць, не заўсёды ўмеюць працаваць на камеру і пазіраваць перад фотааб'ектывамі, але гэтыя дзяўчаты дакладна ведаюць, чаго жадаюць дабіцца ў жыцці і як увасобіць свае ідэі ў рэальнасць.

І вось ён самы хвалюючы момант. Праз некалькі імгненняў журы назаве імя пераможніцы. За спінай у гэтых прыгажунь дзясяткі выпрабаванняў, з якімі дзяўчаты справіліся на выдатна. Але, карону "Прафлэдзі-2018" прымерыць толькі адна канкурсантка.

Для Ліліі Лебедзевай - гэта першы такі конкурс. І адразу трыумф. Ды такі, што дзяўчына проста разгубілася ад нечаканасці.

Конкурс "Прафлэдзі-2018" - ужо гісторыя. Але для фіналістак ён застанецца ў памяці назаўжды. Як і неацэнны вопыт, які яны атрымалі падчас выпрабаванняў.