У Мінску адкрыліся першыя ёлачныя базары

22 декабря 2017

Усяго вызначана больш за 230 пляцовак для гандлю ва ўсіх раёнах сталіцы. Працаваць яны будуць да 31 снежня. Цэны залежаць ад вышыні дрэва. А ўжо заўтра ля Палаца спорту разгорнецца традыцыйны кірмаш - "Калядная зорка". З 10 гадзін раніцы да 8 вечара будуць адкрыты павільёны з гарачымі стравамі. Там жа разгорнецца і самы вялікі ёлачны базар сталіцы. Сёння дзяцей пачаў прымаць і Дзед Мароз у сваім доміку ў парку Горкага. Надзея Сербіненка раскажа, дзе і як можна правесці вялікія калядныя выхадныя.

Калядныя домікі каля Палаца спорту сёлета не проста частуюць... здзіўляюць! Повары, якія працуюць у фармаце стрыт -фуд, да свят падышлі крэатыўна. У меню - бургеры з алянінай, запечаная бульба з аўтарскімі соусамі і нават вустрыцы.

Галоўны гарадскі кірмаш разгорнецца тут заўтра, 23 снежня. Каля Палаца спорту будзе працаваць і самы вялікі ёлачны базар сталіцы. З 10 гадзін раніцы да 8 вечара можна будзе набыць дрэва любога памеру і нават выбраць рэгіён, дзе яна расла. Кошт залежыць ад вышыні і пухнатасці дрэва.

Кожны ёлачны кірмаш усталёўвае свае цэны на дрэвы. На прыкладзе гэтых - 11 і 14 рублёў.

Так, ёлкі вышынёй да метра будуць каштаваць ад 10 да 20 рублёў. Двухметровыя - да 26. І дрэва да трох метраў - ад 15 да 30. Акрамя ссечаных ёлак, папулярныя дрэвы ў кадках, а таксама букеты і вянкі з яловых галінак. Усяго для продажу лясніцтвамі назапашана 35 тысяч натуральных ялін.

Сёння першых гасцей пасля летніх вакацый прыняў галоўны Дзед Мароз сталіцы. У сваім невялікім драўляным доміку ў парку Горкага ён ахвотна гутарыць з дзецьмі, слухае вершы і дорыць падарункі.

Ужо заўтра на Кастрычніцкай плошчы і ля Палаца спорту разгорнецца традыцыйны кірмаш "Калядная зорка" - агульнагарадская пляцоўка аб'яднае амаль сто гандлёвых аб'ектаў. Там жа, ля Палаца спорту, каля 18 гадзін завершыцца флэшмобам шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак.