У Мінску пачала работу міжнародная канферэнцыя ЮНІСЕФ

12 ноября 2014

Сёння ў Мінску пачала работу міжнародная канферэнцыя ЮНІСЕФ высокага ўзроўню для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД. Яе галоўная тэма - Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад зняважлівага, жорсткага абыходжання, насілля і эксплуатацыі.


Расказвае Святлана Канапацкая.


Больш за 150 удзельнікаў з 19 краін прыбылі ў Мінск для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі ЮНІСЕФ высокага ўзроўню. Галоўная тэма - гэта абарона правоў дзяцей, а больш дакладна тое, як дзяржавы ўмацоўваюць свае нацыянальныя механізмы для абароны самага дарагога набытку краіны - яе дзяцей. Беларусь у гэтым напрамку дасягнула поспеху, менавіта так тлумачаць арганізатары той факт, што канферэнцыя праводзіцца ў Мінску.


Яе высокі статус падкрэсліваюць і склад удзельнікаў, і месца правядзення канферэнцыі. У беларускае Міністэрства замежных спраў прыбылі члены ўрадаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і дзяржаў Садружнасці. ЮНІСЕФ актыўна супрацоўнічае з дзяржаўнымі структурамі Беларусі, рэалізуючы сумесныя праекты. Спіс агульных спраў вялізны. Вынік задавальняе бакі. У Беларусі 36-я пазіцыя сярод 173 дзяржаў па індэксе становішча дзяцей. Гэта значыць, што краіна ўваходзіць у лік найбольш паспяховых краін свету.


Мары П'ер Пуар'е, дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонду ААН для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД: Першая прычына, чаму мы зараз знаходзімся тут, - гэта там, што Беларусь сама выказала цікавасць наладзіць з намі партнёрства і вынесці гэтую вельмі складаную тэму на абмеркаванне. І сапраўды, Беларусі ёсць чым падзяліцца з іншымі краінамі ў плане напрацаванага вопыту ў гэтай галіне.


Сёлета адзначаецца 25-я гадавіна прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці. Гэты дакумент стаў заклікам для ўсіх дзяржаў узвесці абарону інтарэсаў дзяцей у ранг дзяржаўных. Беларусь гэты заклік не проста пачула, але і зрабіла дастаткова важкія крокі, каб стаць адной з першых на гэтым шляху. Гэта не раз падкрэслівае кіраўнік рэгіянальнага бюро, адказваючы на пытанні журналістаў.


Адным з самых значных крокаў Мары Пуар'е назвала работу на заканадаўчым узроўні. Размова як пра нацыянальныя законапраекты, так і пра ратыфікацыю міжнародных пагадненняў.


Мары П'ер Пуар'е, дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонду ААН для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД: Беларусь ратыфікавала шэраг міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і зараз разглядае пытанні магчымасці прыняцця дадатковых стандартаў. І гэта павінна заахвоціць краіны рухацца ў гэтым напрамку.


Спіс агульных з ЮНІСЕФ праектаў у Беларусі вельмі вялікі. Тут прафілактыка дзіцячага траўматызму, крызісных станаў у падлеткаў, работа па аказанні дапамогі сем'ям, што выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Другі год рэалізуецца інфармацыйная кампанія Дом без насілля, асаблівая ўвага надаецца ранняму выяўленню неўладкаваных сем'яў. Уразіла прысутных і статыстыка, што пацвярджае вынікі працы.


Віктар Якжык, намеснік Міністра адукацыі Беларусі: Канферэнцыя ЮНІСЕФ праходзіць па ініцыятыве Беларусі, яна прадоўжыцца два дні. Яе ўдзельнікі абменьваюцца меркаваннямі і вопытам у сферы стварэння эфектыўных сістэм абароны дзяцінства. Абмяркоўваюць не толькі тое, што ўжо зроблена, але галоўным чынам, як аб'яднаць намаганні, каб зрабіць яшчэ больш. І тут ёсць ужо ініцыятывы.


Але гаворачы сёння пра дасягненні, удзельнікі нагадваюць сумную статыстыку становішча ў свеце. Насілле застаецца паўсядзённай рэальнасцю для многіх дзяцей. Глыбокі сусветны эканамічны крызіс пагоршыў сітуацыю. Згодна з апошнімі звесткамі, двое з трох дзяцей у рэгіёнах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы падвяргаюцца насіллю дома. Заўтра канферэнцыя прадоўжыць сваю работу.