У Маларыцкім раёне перапахавалі астанкі чырвонаармейцаў, знойдзеныя ў лесе

31 октября 2020
Ушанаванні для герояў: у Маларыцкім раёне перапахавалі астанкі чырвонаармейцаў, знойдзеныя ў лесе. Раскопкі прайшлі ў верасні. Недалёка ад трасы, дзе ў чэрвені 1941-га завязаўся жорсткі бой паміж 75 стралковай дывізіяй і нямецкай калонай. Паводле розных звестак, загінулі каля 800 чалавек. Спецыялісты выявілі некалькі стыхійных магіл. Дзе менавіта пахаваныя байцы - удалося высветліць па пакінутых на зямлі касках. 

Усяго знайшлі астанкі васьмярых абаронцаў. Побач з імі былі боепрыпасы, асабістыя рэчы і салдацкія медальёны. Перапахаванне байцоў прайшло на ваенным кургане каля аграгарадка Хаціслаў.

Людміла Пішчык,  жыхарка аг. Хаціслава: "Гэта для жыхароў нашага сельскага савета вельмі святое месца. Таму што менавіта тут 25 чэрвеня 1941 года быў бой. Загінулі каля 300 нашых салдат. Менавіта тады тут затрымалі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І, пэўна, загінулі такія ж маладыя салдацікі, як сёння тут стаяць".

Перапахаванне астанкаў герояў прайшло з усімі ваеннымі ўшанаваннямі. У найбліжэйшы час на магіле ўсталююць гранітную пліту.