В городзе над Бугам па традыцыі цэнтральнай пляцоўкай стала Брэсцкая крэпасць

9 мая 2017

Шырока адзначаюць гадавіну Вялікай Перамогі ва ўсіх кутках Беларусі. У горадзе над Бугам па традыцыі цэнтральнай пляцоўкай стала Брэсцкая крэпасць. Подзвіг абаронцаў цытадэлі, якія прынялі на сябе першы і самы магутны ўдар і стойка трымалі абарону, на стагоддзі застанецца ў памяці народа. Аддаць даніну павагі тым, хто не здаваўся да апошняга дыхання, прыйшлі тысячы людзей. Пра тое, як горад сустракае мірны дзень 9 Мая, даведаемся ў Вікторыі Патоні.

Дзень Перамогі - асаблівае свята. І нават пахмурнае надвор'е не ўплывае на настрой людзей. Словы падзякі гучаць у адрас тых, хто абараняў Радзіму на франтах і ў тыле. У Брэсце галоўныя мерапрыемствы па традыцыі праходзяць у легендарнай цытадэлі.

Сюды ўрачыстым шэсцем ад цэнтра горада ў адной калоне прайшлі ветэраны, вайскоўцы Брэсцкага гарнізона, студэнты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Усяго каля 30 тысяч чалавек. Кадэты пранеслі фатаграфіі пагранічнікаў 9 заставы, якія стойка ваявалі з праціўнікам у першыя дні вайны. Партрэты тых, хто адваяваў мірнае неба, былі ў руках удзельнікаў акцыі "Беларусь памятае!".

Таццяна Капайцава, удзельніца акцыі "Беларусь памятае!": "Гэта абодва мае дзядулі, якія ваявалі. Маюць узнагароды. Прайшлі праз усю вайну, маюць раненні. Для дзядуляў гэта было самае светлае свята ў іх жыцці. Мы заўсёды яго адзначалі. Таму не прыйсці сёння мы проста не можам".

У памяць аб подзвігу і мужнасці савецкага салдата да Вечнага агню леглі вянкі і жывыя кветкі. Загінуўшых абаронцаў Брэсцкай крэпасці ўшанавалі хвілінай маўчання.

Анатоль Ягораў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Вельмі важна, што сапраўды пра нас памятаюць і шануюць тое, што мы здзейснілі. Вельмі рады, што сустракаю гэты дзень. І спадзяюся яшчэ ў будучыні сустрэць".

У гонар 9 Мая па плошчы Цырыманіялаў урачыстым маршам прайшлі воіны Брэсцкага гарнізона.

Зараз свята плаўна перамясцілася на іншыя пляцоўкі горада. Песні перамогі гучаць у гарадскіх парках. І ўжо вечарам у небе над Брэсцкай крэпасцю прагрымяць 30 святочных залпаў.