У Гомельскай вобласці цыклон "Даніела" абясточыў 140 населеных пунктаў

13 января 2016

Шэраг абласцей краіны "Даніела" накрыла дажджом і мокрым снегам, даставіўшы яшчэ больш праблем. У Гомельскай вобласці 140 населеных пунктаў засталіся без электрычнасці, энергетыкам давялося працаваць у кругласутачным рэжыме. У першую чаргу электразабеспячэнне аднаўлялі ў бальніцах, школах і дзіцячых садах. Да канца дня наступствы стыхіі практычна ўдалося ліквідаваць. А вось у медыцынскіх службаў праца не спыняецца: з галалёднымі траўмамі пацыенты працягваюць паступаць. З Гомельскай вобласці рэпартаж Вольгі Халадовіч.

Вось такая ледзяная прыгажосць у Гомельскай вобласці даставіла нямала праблем энергетыкам. Мокры снег і дождж ад "Даніелы" за суткі абясточылі ў рэгіёне 140 населеных пунктаў.

Больш за ўсё ад снежнай і ледзяной атакі пацярпеў Жыткавіцкі раён - без святла тут засталіся больш чым 50 населеных пунктаў. А ў Жлобінскім, Рагачоўскім, Мазырскім і Акцябрскім раёнах "Даніела" пакінула без святла некалькі вёсак, у тым ліку бальніцы, школы, дзіцячы сады. Тут энергетыкі працавалі ў першую чаргу.

Больш чым сорак брыгад працавалі на праблемных участках. Да канца дня ўдалося ліквідаваць практычна ўсе наступствы разгулу стыхіі. Але папрацаваць яшчэ давядзецца медыкам. Дагэтуль з галалёднымі траўмамі працягваюць паступаць пацыенты.

Дзмітрый Гельфер, выконваючы абавязкі галоўнага ўрача Жлобінскай цэнтральнай раённай бальніцы: "У асноўным сінякі, пашкоджанні звязак, былі ўдары галавы. Шпіталізаваныя былі пацыенты з пераломамі канечнасцяў і са страсеннем мазгоў".

Сёння ў рэгіёне новая праблема - моцныя парывы ветру, якія зрываюць наледзь з правадоў і дрэў. Таму ратавальнікі рэкамендуюць быць больш уважлівымі.