У Год навукі з'явіцца праграма падтрымкі звышрызыкоўных праектаў

9 января 2017

У Год навукі ў Беларусі з'явіцца праграма падтрымкі так званых звышрызыкоўных праектаў. 20% рэсурсаў накіруюць маладым навукоўцам, якія прапануюць экстрэмальныя, але максімальна перспектыўныя стартапы. Аб гэтым праекце было заяўлена на прэзентацыі Года навукі. Тут падвялі вынікі 2016-га і агучылі асноўныя планы на 2017-ты, а гэта больш як тысяча ўнікальных праектаў ва ўсіх сферах. Ад стварэння самага дакладнага атласа Беларусі да інавацый у касмічнай сферы. Дарэчы, штогод у нашай краіне адбываецца каля пяці адкрыццяў сусветнага маштабу.

Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума НАН Беларусі: "Акадэмія навук працуе па самых актуальных сучасных кірунках, тых, якія развіваюцца найбольш хутка ў свеце. Мы абсалютна не адстаём і не адыходзім. І ў гэтай сувязі нашу АН шырока ведаюць у свеце. Імкнуцца з намі супрацоўнічаць, мець сумесныя праекты".

На гэты год нашы навукоўцы запланавалі ўдзел у дзясятках міжнародных выстаў. Геаграфія супрацоўніцтва Акадэміі навук Беларусі - каля паўсотні дзяржаў. Толькі летась у Мінску пабывалі больш за тысячу замежных дэлегацый.