У Дзяржынску адкрылася персанальная арт-выстава Наталлі Юдзянковай. Раскажам, як прафесійная мастачка з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі прыняла ўдар лёсу і не зламалася

30 ноября 2023

У галерэі Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адкрылася выстава Наталлі Юдзянковай. Аўтар год таму перанесла інсульт, але не паддалася хваробе.

Прафесійны мастак (выкладала малюнак, доўгі час займалася батыкам) узяла ў рукі крэйду, алоўкі і адкрыла для сябе новы напрамак творчасці - стала графікам. У двух дзясятках работ, прадэманстраваных на экспазіцыі, - пазітыўныя вобразы, казачныя персанажы, якія дораць добры настрой і веру ў цуд.

Падрабязнасці ў Наталлі Бардзілоўскай.

Любая выстава - свята для мастака. Для Наталлі Юдзянковай, аўтара гэтых работ, адкрыццё персанальнай экспазіцыі - увогуле падзея! І справа не толькі ў тым, што гэта першая персанальная арт-прэзентацыя. З'яўленне гэтых работ для Наталлі - накшталт подзвігу. Жанчына, чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, але гэта тычыцца здароўя. Што да творчасці і майстэрства, то мяркуйце самі, дзівосная фантазія і почырк нават на погляд аматара - прафесійны і майстэрскі.

Зачаравала гледачоў... дыстанцыйна! Выставу прэзентавалі сваякі Наталлі Юдзянковай. Сама ж аўтар хвалявалася за мерапрыемства дома. Пачаць нанова хадзіць і падарожнічаць - пакуль яе мара.

Мурлыкі, кветкі, зайцы і мішкі... Наталля "назапашвае" новыя казачныя работы. Зноў стала верыць у цуд: год таму жанчына перанесла інсульт. Хадзіць не можа. Седзячы актыўна працуе рукамі. Маляванне для яе - карысныя, неабходныя практыкаванні. І... справа жыцця!

Наталля Рудзянкова - прафесійная мастачка. Малявала з дзяцінства, дыплом аб адукацыі атрымала ва Уфе, але лёс закінуў жанчыну ў Беларусь. Тут яна засталася назаўсёды: настаўнічала, выкладала жывапіс, малюнак і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва-батык у трэцяй сталічнай школе мастацтваў. І калі раней творчасць для яе была захапленнем, працай, то цяпер гэта яшчэ і выратаванне.

Раскрываюць сямейныя арт-фонды і дзеляцца рэцэптамі надзейнай падтрымкі. Сын, дачка, муж і нават кот Кеша - усе вераць і ўсе па-свойму спрыяюць выздараўленню Наталлі.

Наталля шчыра дзеліцца сваёй душэўнай цеплынёй і радасцю! Яе выстава пад назвай "З дзяцінствам па адной дарозе" адкрылася ў Дзяржынску. І стала ўпрыгажэннем аднаго з эстэт-праектаў цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Мяркую, няма таго чалавека, які б, убачыўшы работы Наталлі, не пажадаў ёй здароўя! Хай яе промні дабрыні вяртаюцца бумерангам (узаемна)!



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя