У вёсках Валожынскага раёна аднавілі транспартную сувязь

25 февраля 2015

Вёска ў Валожынскім раёне ледзь не засталася без транспартнай сувязі. І хоць у Студзянцах-Зарэчным пражываюць усяго 12 чалавек, іх рытарычнае пытанне - а мы хіба не людзі – гучыць лагічна. Аўтобус, які пад’язджаў сюды ўсяго адзін раз на тыдзень, вырашылі адмяніць з-за нерэнтабельнасці. Але пасля трывожнага званка на гарачую лінію ў аблвыканкам і візіту ў вёску нашай здымачнай групы рашэнне перагледзелі.

Рэпартаж Антаніны Станкевіч. Сафія Кезік не з тых людзей, хто любіць скардзіцца. Але званок на прамую лінію два тыдні таму быў своеасаблівым крыкам душы. Аўтобус, на якім жанчына апошнія гады дабіралася да глухой вёскі Студзянец у Валожынскім раёне, там жыве яе старэнькая маці, з 6 лютага адмянілі. Прыгавор мясцовых улад быў кароткі – нерэнтабельна.

6-7 кіламетраў – гэта да чыгуначнай станцыі Валожын. Найбліжэйшы цэнтр цывілізацыі і даволі буйны транспартны вузел. Далей дабірацца да аддаленых вёсак можна толькі на ўласным аўто ці пешшу. Гэта варыянты для візіцёраў. А вось тым, хто жыве ў вёсцы, не падыходзіць. Па зразумелых прычынах аўто ў іх няма, а 7 кіламетраў у сталым узросце – непераадольная дыстанцыя. Тым больш што дарога да аддаленых Кашчэліч і Студзянца – незайздросная.

Застаецца метраў 700 і мы адмаўляемся ад ідэі даехаць на машыне. На сустрэчу з жыхарамі вёскі накіроўваемся пехатой. Ногі вязнуць у "кашы". Без разводдзя ў нас аніяк - з сумнай іроніяй сустракаюць нас местачкоўцы.

Праведаць старых – гэта практычна жыццёвая неабходнасць. Магазіна і амбулаторыі ў вёсцы няма, а аўталаўка ў непагадзь не заўсёды даязджае да самога Студзянца. Так што аўтобус, каб дзеці маглі хаця б раз на тыдзень дабрацца ў вёску да бацькоў, гэта не капрыз. Зразумелі гэта і прадстаўнікі мясцовай улады. Тэрмінова перагледзелі сваё рашэнне аб адмене адзінага аўтобуса.

Спачатку гаворка ішла пра тое, што пятнічны рэйс вернуць з 15 красавіка. У выніку агучылі больш прымальны варыянт. Аўтобус па старым маршруце пачне курсіраваць ужо ў суботу.

Выканаць работу з максімальнай рэнтабельнасцю – такое жаданне аўтапарка зразумець можна. Але баланс паміж прыгожымі эканамічнымі паказчыкамі і жыццёвай неабходнасцю людзей павінен быць.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя