У Брэсце зграя чатырохногіх згрызла аўтамабіль на стаянцы

21 октября 2015

Асабліва небяспечныя жывёліны, калі яны збіваюцца ў сабачыя зграі і паддаюцца інстынктам. У Брэсце днямі зграя чатырохногіх згрызла аўтамабіль на стаянцы, а на праезнай частцы беспрытульныя сабакі не раз стваралі аварыйныя сітуацыі.

Падрабязнасці ў рэпартажы Вікторыі Патоні.

Драпіны ад кіпцюроў і сляды зубоў. Аляксандр паказвае, дзе яшчэ на яго машыне чатырохногія злачынцы пакінулі яркія доказы разгулу. Зграя сабак увесь дзень круцілася ля прыпаркаванага аўто. Мужчына лічыць, што дварнякоў неабходна адлавіць, бо ахвярай можа стаць ужо не машына, а чалавек.

А на гэтых кадрах добра бачна, як зграя бадзяжных сабак вольна прагульваецца па праезнай частцы. Як кажуць спецыялісты, правакуючы аварыйныя сітуацыі.

Апошнім часам усё больш людзей становяцца ахвярамі бадзяжных сабак. А сустрэча з агрэсіўнай зграяй увогуле можа быць небяспечнай для жыцця і здароўя. Не вырашае сітуацыю нават служба па адлове вулічных сабак.

За паўгода ў Брэсце камунальнікі адлавілі больш за тысячу беспрытульных сабак. Трымаюць іх у спецыяльным пункце для жывёлы толькі пяць сутак. Потым – эўтаназія.

З гэтага, па сутнасці, і пачынаецца праблема. Але ёсць і тыя, хто імкнецца змяніць сітуацыю і захаваць ім жыццё. Сабакі, якія прайшлі праз рукі валанцёраў, прышчэплены ад шаленства, чыпаваны і стэрылізаваны. У прытулках горада сваіх гаспадароў чакаюць амаль тры сотні гадаванцаў. Спецыялісты перакананы: неабходны закон аб ідэнтыфікацыі жывёлін, што дазволіць зрабіць больш жорсткай адказнасць людзей, якія трымаюць і разводзяць сабак.

У Брэсцкай вобласці з пачатку года амаль дзве тысячы чалавек пацярпелі ад нападаў жывёлін. Сярод іх 540 дзяцей. Трэць выпадкаў прыпадае на бяздомных сабак. І праблему гэту трэба вырашаць, пачынаючы з сябе.