У Брэсце адкрылі Дом правасуддзя

7 июня 2019

Аб'ект для краіны ўнікальны. У адным будынку размясціліся адразу чатыры суды: тры раённыя і абласны. Судовая сістэма Брэста - адна з самых загружаных у Беларусі. За месяц адзін суддзя разглядае больш як 80 спраў. У новым будынку 25 залаў, якія адначасова могуць змясціць 704 чалавекі.

Валянцін Сукала, старшыня Вярхоўнага суда Беларусі: "Сучасныя інфармацыйна-тэхнічныя дасягненні даюць нам магчымасць разглядаць справы ў рэжыме відэаканферэнцыі, без выкліку сюды людзей, без дастаўкі абвінавачаных, якія знаходзяцца пад вартай. Усе доказы даследуюцца ў рэжыме відэасувязі ў зале пасяджэнняў. На ўсіх пасяджэннях будзе весціся відэа- і аўдыязапіс. Гэта значыць, гэта цалкам іншы ўзровень культуры судовага працэсу".

Валерый Міцкевіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Будынак судоў як складнік правасуддзя - не для суддзяў і судовых працаўнікоў толькі. А ў першую чаргу для людзей, якія прыходзяць у суды, каб абараніць свае правы".

На будаўніцтва Дома правасуддзя пайшло 27 мільёнаў рублёў. Будынак стаў адным з падарункаў гораду да тысячагоддзя Брэста.