У Белтэлерадыёкампанію з Германіі прыехала тэлевізійная станцыя "Паўліна"

1 марта 2019

Інфармацыйная бяспека - адна з галоўных тэм, якія гучалі падчас Вялікай размовы. Як было адзначана, "формы падачы апярэджваюць час, хуткасць распаўсюджвання інфармацыі здзіўляе". Каб адказваць на выклікі часу, галоўны медыяхолдынг краіны завяршае тэхнічную мадэрнізацыю. Тым больш, што наперадзе - II Еўрапейскія гульні. Сёння ў Белтэлерадыёкампанію з Германіі прыехала апошняя з 4-х набытых перасоўных тэлевізійных станцый. "Паўліна" замыкае калону высокафункцыянальнага тэлебачання на колах, якое медыяхолдынг закупіў для асвятлення II Еўрапейскіх гульняў. Дзякуючы нашым платформам будуць транслявацца цырымоніі адкрыцця і закрыцця, спаборніцтвы па веласпорце на трэку і на шашы, лёгкай атлетыцы, усіх відаў акрабатыкі, гімнастыкі, барацьбы. Тэлебачанне на колах збіралі ў Германіі паводле індывідуальных эскізаў уручную. Нагадаем, што ўжо ў парку вяшчальніка - "Еўфрасіння", "Яніна" і "Рагнеда".

Андрэй Калячка, намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар дырэкцыі тэхнічнага забеспячэння вяшчання Белтэлерадыёкампаніі: "У распараджэнне Белтэлерадыёкампаніі паступіла перасоўная тэлевізійная станцыя "Паўліна". Зараз нашы інжынеры, тэхнічныя спецыялісты прыступілі да праверкі машыны і праверкі камплектнасці, праводзяцца адпаведныя работы. Персанал для працы на машыне ўжо набраны, вызначаны начальнік змены. Зараз максімальна хутка будзе праведзена навучанне".

Па завяршэнні ўсіх прыёмаздатачных выпрабаванняў, тэлеплатформа адправіцца на так званыя тэставыя трансляцыі спартыўных мерапрыемстваў. Падчас выпрабавальных эфіраў да нашых супрацоўнікаў далучацца замежныя спецыялісты, якія будуць прымярацца да тэхнікі напярэдадні летняга мультыспатртыўнага форуму.