У Беларусі спрасцілі ўмовы знаходжання іншаземцаў. Закон падпісаў Прэзідэнт

16 декабря 2019
Зараз усе, хто прыязджае ў госці ў нашу краіну,  атрымалі адтэрміноўку ў рэгістрацыі па месцы часовага знаходжання. 

Нагадаем, калі раней іншаземец павінен быў прайсці ўсе працэдуры на працягу 5 дзён, то зараз важна паспець за 10-дзённы тэрмін. Гэта рашэнне спросціць і дзелавыя кантакты, а таксама дапаможа ў развіцці турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі. 

Адзначым, вырашэння пытання чакалі. Напярэдадні падчас зносін са студэнтамі сталічнай медыцынскай ВНУ  аб складанасцях рэгістрацыі Прэзідэнту распавялі іншаземцы, якія навучаюцца ў нашай краіне. Тады Аляксандр Лукашэнка запэўніў - праблема будзе вырашана. І вось зараз афармляць дакументы можна не спяшаючыся. Вольга Анішчанка вывучыла нюансы. 

Гэтыя хлопцы і дзяўчаты не тое, каб паліглоты. Англійская або французская, нават іўрыт  для іх родныя мовы. У Беларусі яны ў гасцях. Сталічны медыцынскі ўніверсітэт для каго на чатыры, а каму і на шэсць гадоў стаў альма-матэр.
 

У БДМУ вучацца каля 2 тысяч студэнтаў з 50 краін

У медыцынскім універсітэце ў сталіцы з'явілася нават эксперыментальная праграма. Для грамадзян Ізраіля, Канады, ЗША і еўрапейскіх студэнтаў. Выпускнікі едуць, па-першае, па веды. Але паспяховая вучоба дае яшчэ і права допуску да прафесіі ў сваёй краіне. Зрэшты, бонусы на гэтым не сканчаюцца. 
Ізраіль - адзін з галоўных "пастаўшчыкоў" студэнтаў з замежнай прапіскай. На радзіме вялікая канкурэнцыя за месца ў ВНУ. На сотню прэтэндуюць тысячы. Гэта вымушае многіх прыглядаць загранічныя варыянты навучання прафесіі. А беларускі дыплом у пашане, гавораць студэнты. Ды і багаж ведаў дапаможа знайсці месца ў прафесіі без ўсякіх сумненняў. 
Аляксандр Бранд зараз асоба, вядомая не толькі сталічнаму медыцынскаму ўніверсітэту. Бо гэта ён прасіў Прэзідэнта дапамагчы замежным студэнтам. У свае 32 за плечамі ўжо дзве медыцынскія ВНУ на радзіме. А тут, у Беларусі, разлічвае на навуковую ступень. Сёння кожны, хто прыязджае ў госці да нас, абавязаны стаць на ўлік: прыезджых у Беларусі лічаць. У тым ліку ў мэтах бяспекі. Пяць дзён, каб падрыхтаваць дакументы, перавесці на рускую мову. Маўляў, прыйдзецца пабегаць. 
Сказана - зроблена! Закон падпісаны. Тэрміны рэгістрацыі прадоўжаны. Аформіць усе дакументы зараз можна не спяшаючыся - на працягу 10 дзён. І гэта прыемна, гаворыць Аляксандр. Як і тое, што абяцанага не прыйшлося чакаць доўга. 

Міністэрства аховы здароўя забяспечыла траціну экспарту адукацыйных паслуг

Новы закон - запамога для развіцця экспарту адукацыйных паслуг. Менш бар'ераў - прасцей дарога ў беларускія ВНУ. 
Бо лік замежным студэнтам тут ідзе на дзясяткі тысяч! Сталічны медыцынскі ўступае лідарства толькі Белдзяржуніверсітэту. На медыцынскіх спецыяльнасцях амаль кожны трэці іншаземец. Цікавасць да беларускай школы медыцыны расце штогод і шматкроць - з 2017 года, напрыклад, прыём студэнтаў з іншых краін павялічыўся амаль у 6 разоў. А Міністэрства аховы здароўя забяспечыла траціну адукацыйнага экспарту краіны.

Кірунак, несумненна, атрымае развіццё.

Бо экспарт такіх паслуг - гэта, па-першае, імідж і, вядома, грошы. Цікавасць да медыцынскіх ВНУ з боку іншаземцаў напрамую адлюстроўваецца на прыбытках беларускай школы. Толькі адзін сталічны медыцынскі па выніках года можа зарабіць 10 мільёнаў! 

Усімі навацыямі іншаземцы змогуць скарыстацца ўжо ў найбліжэйшы час 

Дакумент, зрэшты, прапісвае і шэраг іншых карэкціровак. Яны датычацца, напрыклад, адмоў іншаземцам у выдачы беларускай візы або забарон для ўезду ў нашу краіну. Асобна закон падправіў тэрміны, на якія выдаецца дазвол на часовае пражыванне для іншаземцаў. Але ёсць нюанс: прадаўжэнне датычыцца толькі спецыялістаў высокай кваліфікацыі - тых, хто патрэбен беларускай эканоміцы. Для атрымання пастаяннага пражывання зараз таксама асаблівы падыход. 
Усімі навацыямі іншаземцы змогуць скарыстацца ўжо ў найбліжэйшы час. Адразу пасля афіцыйнага апублікавання закона. Як правіла, у ліку іншых афіцыйных распараджэнняў новыя дакументы з'яўляюцца на працягу некалькіх дзён.