У Беларусі стартаваў экалагічны праект да сусветнай акцыі "Гадзіна Зямлі"

14 марта 2015

На працягу 30 дзён на сайце будуць з'яўляцца парады, як зрабіць што-небудзь карыснае для планеты. Напрыклад, выкінуць выкарыстаныя батарэйкі ў спецыяльныя ўрны, ачысціць свой двор або парк ад смецця. Падрабязней у сюжэце Наталлі Кузьміцкай.

Нью-Ёркскі “Эмпайр стэйт білдынг”, “Залатыя вароты” ў Сан-Францыска, рымскі Калізей, Эйфелева вежа, Крэмль і шмат іншых самых знакамітых славутасцяў свету раз на год, у апошнюю нядзелю сакавіка, роўна на гадзіну выключаюць вонкавае асвятленне. Да міжнароднай экалагічнай акцыі ўжо далучыліся 154 краіны, сярод іх і Беларусь.

На “Мінск-Арэне” і Нацыянальнай бібліятэцы 28 сакавіка таксама не будзе святла.

Да акцыі штогод далучаецца ўсё больш людзей і арганізацый. 28 сакавіка цэнтральныя кафэ сталіцы прапануюць сваім наведвальнікам правесці рамантычны вечар пры свечках. Усім зацікаўленым распавядуць, як кожны з нас можа паўплываць на змены клімату.

У Цэнтры экалагічных рашэнняў да “Гадзіны Зямлі” вырашылі рыхтавацца загадзя. У пачатку сакавіка стартаваў рэспубліканскі праект “Месяц простых і карысных спраў”. Актыўным і неабыякавым да праблем навакольнага асяроддзя на сайце экалагічнага марафона кожны дзень прапаноўваюць карысныя парады.

Часцей карыстацца грамадскім транспартам альбо веласіпедам замест асабістага аўто, беражліва ставіцца да вады, збіраць і здаваць макулатуру - простыя парады, якіх можна прытрымлівацца не адзін дзень на год.

Стаць удзельнікам акцыі вельмі проста, напрыклад, выкінуць выкарыстаныя батарэйкі ў спецыяльныя скрыні. Для гэтага дастаткова пакласці стары элемент электрасілкавання ў кішэню альбо сумку, збіраючыся на шопінг. Сёння спецыяльныя кантэйнеры можна знайсці ва ўсіх буйных магазінах горада.