У Беларусі спам з дэзынфармацыяй аб каранавірусе стаў прычынай крымінальных спраў

5 марта 2020
Узбуджаны яны былі Следчым камітэтам Беларусі па артыкуле "Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі". З заявай у праваахоўныя органы аб тым, што з іх пошты рассылаецца інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці, звярнуліся адразу дзве ўстановы аховы здароўя. 

Электронныя пошты РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі і Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі былі ўзламаныя. Затым зламыснікі ад імя медыкаў сталі рассылаць ілжывую інфармацыю аб распаўсюджванні каранавіруса ў Беларусі. Паводле інфармацыі СК, усе паведамленні былі падрыхтаваныя з прымяненнем прыёмаў сацыяльнай інжынерыі. Пасля таго як атрымальнікі адкрывалі ліст, на камп'ютар пад выглядам pdf-файла аўтаматычна запампоўваўся скрыпт, які запускае шкоднасны файл. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.