У Беларусі распрацоўваюць адзіную медыцынскую базу даных пацыентаў

16 февраля 2017

Сярод асноўных задач інфармацыйнай платформы - магчымасць анлайн-доступу да ўсіх электронных паслуг бальніц і паліклінік - ад прагляду ўласных рэцэптаў у асабістым кабінеце да заказу даведак. Першыя крокі ў рэалізацыі маштабнага праекта ўжо зробленыя. Сёння кожны пацыент можа атрымаць электронны рэцэпт. Зараз ствараецца сістэма электронных бальнічных лістоў. Улада Карніцкая раскажа, як пераход з паперы на лічбу адаб'ецца на здароўі кожнага з нас.

За лічаныя секунды ўчастковыя тэрапеўты трыццаць дзявятай сталічнай паліклінікі зараз даведваюцца пра выклікі на дом. Усё таму, што тут працуе спецыяльная электронная база. У ёй ёсць уся інфармацыя - хваробы, абследаванні і нават лекі, якія прымаў пацыент. Па сутнасці, адзіная сетка - замена шматтонным медкартам. Прычым, скарыстацца ёй могуць толькі самі ўрачы.

Вольга Ясманчык, галоўны ўрач 39-й гарадской паліклінікі: "Задача наша - захаваць закрытыя каналы сувязі, каб захаваць урачэбную тайну, недаступнасць інфармацыі, якая перадаецца ад пацыента да нашага сервера нашай установы".

Карыстаюцца ўрачы электроннай базай нават на выкліках з дапамогай планшэтаў. Прычым можна нават загадзя пракласці маршрут.

Стварылі базу навукоўцы Інстытута праблем інфарматыкі. А яшчэ зараз тут працуюць над сістэмай электронных бальнічных лістоў. Згодна з планам, ужо праз некалькі гадоў пацыенты перастануць быць кур'ерамі паміж паліклінікай і працадаўцам. Гэта скароціць папяровую цяганіну і звядзе да нуля падробкі дакумента.

Уладзімір Лапіцкі, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі: "Быў запушчаны праект па стварэнні ў рамках сістэмы аховы здароўя адзінай базы назапашвання і апрацоўкі даных па лістках часовай непрацаздольнасці. Сёння ў пілотным праекце ахоплена прыкладна палова ўстаноў аховы здароўя. Плануецца, што да канца года ўсё будзе абхоплена гэтай сістэмай".

Пакуль жа на справе ўрачы запаўняюць і электронны, і папяровы варыянт лістка непрацаздольнасці, але лічба далей паліклінікі не сыходзіць. Уся справа ў тым, што ў медыкаў дагэтуль няма электроннага аналагу свайго подпісу, значыць такі бальнічны - просты набор літар, а не юрыдычны дакумент. Сітуацыю, па меркаванні спецыялістаў, трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні.

Пры гэтым узровень электроннай аховы здароўя беларускай сталіцы міжнародныя рэйтынгі зараз ацэньваюць як адзін з самых высокіх у краінах СНД. Каб вывесці на яго ж краіну ў цэлым, плануецца стварыць адзіную інфармацыйную платформу.

А яшчэ не выключана, што аўтаўладальнікам не трэба будзе вазіць з сабою меддаведку - усю інфармацыю супрацоўнік ДАІ зможа знайсці ў такой сістэме. Рэалізаваць праект у цэлым плануецца паэтапна да 2022 года.

Яшчэ адзін плюс укаранення інфармацыйных тэхналогій у сістэму аховы здароўя - выдаткі. Па вопыце замежных краін яны значна памяншаюцца. Напрыклад, у Германіі пры пераходзе на электронную ахову здароўя ў сярэднім сэканомілі да 30% сродкаў. Толькі ўкараненне электроннага рэцэпту дало эканомію каля 200 мільёнаў еўра за год.