Паводка на Палессі. Вада адразае доступ і да сацыяльных аб'ектаў

24 апреля 2013

Акрамя гародаў, вуліц і дарог, вада ўжо адразае доступ і да сацыяльных аб'ектаў. У вёсцы Хлупін Жыткавіцкага раёна  Прыпяць, якая разлілася, перакрыла падыходы да мясцовага фельчарскага пункта і школы. Медыкі прымаюць пацыентаў  у сябе дома, а вучням далі прытулак у шклоле ў суседняй вёсцы. 


Як настроены жыхары, даведвалася Вольга Халадовіч.


Дзе мяльчэй - у ботах, дзе глыбей - на лодках.  Вясновае разводдзе зрабіла вёску Хлупін у Жыткавіцкім раёне ў літаральным сэнсе мокрым пунктам. Вада прыйшла сюды літаральна за некалькі  дзён і сыходзіць не збіраецца. Прыпяць у вёсцы Хлупін не толькі затапіла дарогі і падворкі, але і ўзяла ў палон сацыяльныя аб'екты.


Фельчарска-акушэрскі пункт яго загадчыца Людміла Новак наведвае штодня. Праводзіць свой уласны маніторынг - ці падае ўзровень вады.  Гаворыць,  ужо можна прайсці ў гумовых ботах, а літаральна некалькі  дзён таму сюды можна было толькі прыплысці на лодцы.  Каб ад уздыму вады не павышаўся ціск у мясцовых жыхароў, Людміла Мікалаеўна прымае пацыентаў прама ў сябе дома.  


Для мясцовых школьнікаў паводка падарыла некалькі дзён канікулаў, а зараз яны працягваюць вучыцца.  Праўда, у суседняй вёсцы.  У школу і назад у Хлупін вучняў і педагогаў дастаўляе спецыяльны аўтобус.


Нягледзячы на ўсе нязручнасці, звязаныя з паводкай, пакідаць свае дамы мясцовыя жыхары не збіраюцца.  Гавораць, у вады ёсць адна нязменная ўласцівасць - пагасцюе і вернецца ў берагі.  А пакуль, жартуюць палешукі, пабудзем вадаплаўнымі.