У Беларусі працягваюцца прыёмы грамадзян па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта № 3

22 февраля 2017

На асабістую сустрэчу да намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Зінаіды Каралёвай прыйшлі больш за 20 чалавек. Прыём праходзіў у прысутнасці камісіі, у кампетэнцыю якой уваходзіць вырашэнне пытання аб вызваленні ад выплаты збору ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Большасць грамадзян цалкам або часткова вызвалена ад выплаты. Пры гэтым да кожнага падыход быў індывідуальны. Напрыклад, пытанне жыхаркі Віцебска, якая мае вышэйшую адукацыю, выхоўвае сына, але па аб'ектыўных прычынах не змагла ў 2015 годзе некаторы час працаваць, вырашылася на яе карысць - яна цалкам вызвалена ад выплаты збору.

Таксама і ў Брэсце працавала камісія па разглядзе зваротаў грамадзян. Сёння на стале ў спецыялістаў амаль 3 сотні заяў. Па большасці з іх прынята станоўчае рашэнне.

Камісіі працягнуць працу і заўтра. Таксама ў Гомелі адбудзецца асабісты прыём начальніка Галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрасоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рыгора Шлыка. Асабістыя сустрэчы з жыхарамі рэгіёнаў будуць весці прадстаўнікі вертыкалі ўлады і дэпутацкага корпуса.