У Беларусі з'явілася ўласная Кніга рэкордаў

17 октября 2016

Праўда, пакуль яна даступная толькі анлайн. Але неўзабаве выйдзе і ў паўнавартасным друкаваным выданні. Заяўкі прымаюцца з усёй краіны. Хто ўжо пахваліўся сваімі дасягненнямі, даведалася Таццяна Кароль.

Уся чырвоная дывановая дарожка Кан пераехала ў Брэст. У калекцыі аўтографаў Юліі Чагінай ёсць подпісы Джэкі Чана, Камеран Дыез, Робіна Уільямса, Элтана Джона - усяго больш за 400 подпісаў галівудскіх знакамітасцяў. Усе зорныя арыгіналы сабраныя праз перапіску. Атрымаць аўтограф зараз даволі лёгка, лічыць Юлія, калі ведаць вызначаную схему: трэба ўважліва сачыць за замежнымі форумамі, на якіх размешчана праўдзівая інфармацыя аб месцазнаходжанні зорак, а далей - проста напісаць ліст на адрас.

Юлія Чагіна, калекцыянер: "Вельмі шмат акцёраў, якія пішуць мне цэлымі лістамі. Вось у мяне аўтограф Эда Харыса, ён адказаў з тэатра і ён напісаў: Юлія, шмат любові табе і тваім блізкім і прывітанне Беларусі. Я заўсёды, калі пішу лісты, пазначаю, з якой я краіны. І мне вельмі прыемна, калі акцёр згадвае менавіта маю краіну".

Калекцыя аўтографаў Юліі Чагінай - самая вялікая ў нас у Беларусі. І гэта - агульнапрызнаны факт. Ён пацвярджаецца зараз і дакументальна - калекцыя стала адным з першых рэкордаў у кнізе - толькі, у адрозненне ад Гінэса, на яе старонках адзначаныя выключна беларускія рэкардсмены.

Ілья Жукавец, арганізатар прэміі беларускіх рэкордаў: "Мы раптам зразумелі, што пра беларусаў мы ведаем не так шмат. А насамрэч нам ёсць чым ганарыцца, і ёсць сапраўды рарытэтныя рэчы, якія складаюць такі нацыянальны гонар для нас. Таму гэты праект, у тым ліку, пра нас, пра ўсіх, пра беларусаў".

У скарбонку беларускіх рэкордаў можна дадаць адну з самых вялікіх у СНД калекцый патэфонаў і грамафонаў. Ігар Барысевіч рарытэтныя прайгравальнікі збірае ўжо больш за дзесяць гадоў і запэўнівае, што кожны апарат мае ўласны гук, а яго калекцыя з'яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай.

Ігар Барысевіч, калекцыянер: "Гэтая калекцыя - своеасаблівая сувязь пакаленняў таго часу, тых людзей, якія жылі 100 гадоў назад і сённяшніх. Чаму? Таму, што мастацтва - яно само па сабе вечнае. Шматлікія нават не падазраюць, што тую музыку, якую яны чуюць у рэкламе, яна насамрэч была запісаная больш за 100 гадоў назад, і гэта выклікае жывую цікавасць у людзей".

Усяго ў Кнізе рэкордаў: тры блокі - людзі, прырода і рэчы. Менавіта ў апошні ўваходзяць калекцыі. Іх у беларускім аналагу Гінеса - ужо 13. Гэта пакуль самая папулярная старонка.

Самі калекцыянеры называюць сябе захавальнікамі гісторыі і ўспамінаў. А часам, прадметы з іх калекцый, як напрыклад вось гэтыя старажытныя грамафоны 19-20 стагоддзяў, - гэта сімвал цэлай эпохі. Спачатку з'яўляецца інтарэс, потым захапленне прадметам, а ў сапраўдных знатакоў захапленне становіцца ладам жыцця.

У катэгорыі "людзі" - ужо 5 рэкордаў. Напрыклад, самае пажылое трыа дыджэяў - на траіх 212 гадоў - выклікае захапленне ў прыхільнікаў па ўсім свеце, якія намнога маладзейшыя за музыкантаў.

Канкурэнцыю ім можа скласці хіба што самы модны і спартыўны пенсіянер Жодзіна.

У свае 80 Андрэй Караленка - пастаянны ўдзельнік мінскага паўмарафона і крэатыўных фотасесій. Папоўніць калекцыю рэкордаў можа кожны беларус - трэба толькі пакінуць заяўку на сайце.