У Беларусі навучыліся выяўляць і лячыць захворванні эндакрыннай сістэмы на ранняй стадыі

20 апреля 2016

30 гадоў мінула з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Наступствы катастрофы на навакольным асяроддзі і здароўі людзей адчуваюцца дагэтуль. Але ў Беларусі навучыліся выяўляць і лячыць захворванні эндакрыннай сістэмы на ранняй стадыі. Толькі ў Брэсцкай вобласці штогод выконваецца каля 500 аперацый на шчытападобнай залозе. І пакуль гэта адзіны рэгіён, дзе аперацыі праводзяць эндаскапічным метадам, распрацаваным японскімі ўрачамі. Дарэчы, родапачынальнік гэтай тэхналогіі ў Брэсце правёў майстар-клас.

Расказвае Вікторыя Патоня. Ірына Даміна пра паталогію шчытападобнай залозы даведалася два гады таму, падчас цяжарнасці. Прыехаўшы на чарговую кансультацыю ў Брэст, трапіла на аперацыйны стол. Прычым, у рукі хірурга - заснавальніка інавацыйнай методыкі лячэння. Прафесар Такійскага медінстытута Казуа Шымізу для выдалення вузлоў на шчытападобнай залозе выкарыстоўвае эндаскоп і ўльтрагукавы скальпель. У выніку ў пацыента замест шрама на шыі ледзь прыкметны ў вобласці ключыцы.

Першую сумесную эндаскапічную аперацыю на шчытападобнай залозе беларускія і японскія ўрачы правялі ў 2009 годзе. Сёння ў абласной бальніцы штогод выконваецца больш за 50 такіх умяшанняў. І гэта адзіны рэгіён Беларусі, дзе асвоілі гэтую методыку і пастаянна яе ўдасканальваюць.

Аперацыя эстэтычная. Пацыенты выключна жанчыны. Брэсцкія ўрачы не проста вывучылі тэхналогію, а мадэрнізавалі. Ацанілі новаўвядзенне і японскія калегі. Зараз па такую меддапамогу прыязджаюць пацыенты ў тым ліку з блізкага замежжа.

А з дапамогай гэтага апарата ўльтрагукавога даследавання брэсцкія эндакрынолагі выяўляюць захворванні шчытападобнай залозы на ранняй стадыі. Абсталяванне тры гады таму з'явілася ў абласным дыспансеры дзякуючы супрацоўніцтву з японскімі спецыялістамі. І калі праблем з тэхналогіямі ў Краіне ўзыходзячага сонца няма, то вопыту ў выкарыстанні методык дыягностыкі і лячэння пакуль не хапае.

Ва ўсім свеце захворванне на рак шчытападобнай залозы расце. Але беларусы навучыліся выяўляць паталогіі на ранняй стадыі і лячыць іх. У дапамогу эндакрынолагам брэсцкія і японскія ўрачы распрацавалі цыталагічны атлас. Таксама восенню ў Брэсце чакаюць новае медыцынскае абсталяванне.