У Алабіне ўрачыста адкрыліся юбілейныя V Міжнародныя армейскія гульні

3 августа 2019

Саюзнікі і партнёры па цэлым шэрагу інтэграцыйных структур - Беларусь і Расія - адточваюць навыкі абароны і гарантавання бяспекі на палях ваеннай алімпіяды. У падмаскоўным Алабіне сёння ўрачыста адкрыліся юбілейныя V Міжнародныя армейскія гульні. Усяго ў спаборніцтвах задзейнічаны 21 палігон. Частка спаборніцтваў пройдзе на тэрыторыі Беларусі. Наша каманда - адна з самых прадстаўнічых. Беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у 18 конкурсах. Паводле традыцыі, спаборніцтвы адкрыліся з самага відовішчнага - "Танкавага біятлона". Летась беларусы ў ім узялі бронзу, а зараз гатовыя на рэванш! З якім вынікам нашы танкісты прайшлі першую індывідуальную гонку?

За ходам ваеннай алімпіяды сочыць Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Сёння ў парку "Патрыёт" развіваюцца флагі 39 краін. А па разнастайнасці ваеннай формы можна вывучаць палітычную карту свету - Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Сёлета спаборнічаюць 223 каманды, і беларуская - адна з самых масавых. Удзельнічае ў 18 з 32 конкурсаў. І самых вопытных: на працягу 4 гадоў уваходзіць у пяцёрку наймацнейшых. Паводле традыцыі, Армейскія гульні адкрывае самы маляўнічы і захапляльны конкурс - "Танкавы біятлон". Пачынаецца ён з індывідуальнай гонкі, дзе па жараб'ёўцы ўдзельнічаюць 4 экіпажы. Гэта Беларусь, Сербія, Кітай і Азербайджан.

Індывідуальная гонка - гэта барацьба за выхад у паўфінал. Каб не было блытаніны, у кожнага танка свой колер. У беларусаў - чырвоны. Задача - за мінімальны час паразіць як мага больш мішэняў і галоўнае - не зарабіць штрафных ачкоў. Бо за кожны промах экіпаж праходзіць дадатковы круг у 500 метраў. Каманда Беларусі выступае па трэцяй дарожцы. Экіпаж адразу ўзяў добры тэмп. Тры кругі па пяць кіламетраў і тры агнявыя рубяжы, Мішэні - танк, верталёт і агнявы пункт гранатамётчыка. 100% трапленне, але з-за памылкі пры праходжанні мінна-ўзрыўных загарод губляем час. У выніку - 2 месца ў першым заездзе індывідуальнай гонкі.

Летась у "Танкавым біятлоне" беларусы заваявалі бронзу. У гэты раз прыехалі палепшыць вынік. Наперадзе яшчэ дзве індывідуальныя гонкі - 5 і 7 жніўня. 12 каманд з лепшым часам выходзяць у паўфінал. І пачынаецца сур'ёзная барацьба за прызавыя месцы.

Юбілейныя V Армейскія гульні пройдуць на тэрыторыі 10 дзяржаў. Гэта Расія, Арменія, Азербайджан, Казахстан, Кітай, Іран, Індыя, Манголія і, вядома, Беларусь. У Брэсце пройдзе другі па папулярнасці конкурс Армейскіх гульняў - "Снайперскі рубеж і "Палярная зорка". Хто зойме прызавыя месцы на п'едэстале ваеннай алімпіяды - стане вядома 17 жніўня, на ўрачыстай цырымоніі закрыцця.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя