У аграгарадку Семежава жыве ўнікальная жанчына - захавальніца аўтэнтыкі беларускага ткацтва

1 октября 2020
Дзень пажылых людзей сёння адзначаюць больш за 2 мільёны грамадзян Беларусі. Гэта кожны пяты жыхар. Многія жывуць у вёсцы і свой сталы век прывыклі праводзіць актыўна - у працы на зямлі і ў перадачы сваіх ведаў і традыцый маладому пакаленню. У аграгарадку Семежава Капыльскага раёна жыве ўнікальная жанчына, прадаўжальніца старажытнага роду мясцовых ткачоў, захавальніца аўтэнтыкі беларускага ткацтва. Валянціна Кіеня - глыбока на пенсіі, але працягвае здзіўляць сваіх аднавяскоўцаў жыццёвай энергіяй і пазітывам. Наталля Бардзілоўская пазнаёмілася з цікавым чалавекам.

Ёй бы даўно сядзець на пенсіі, заслужана адпачывац.Але Валянціна Міхайлаўна Кіеня ўжо дваццаты год, як будні свае напаўняе сустрэчамі з юнымі ткачамі - навучэнцамі Капыльскага раённага цэнтра ткацтва. Перадаць вопыт - чалавечая задача народнага майстра Беларусі (такое званне ў жанчыны). Ёй жа ў свой час урокі працы на кроснах і сакрэты ніцяных пляценняў давала матуля, тая вучылася ў бабулі... Сямейная рамесная пераемнасць пакаленняў сёння амаль знікла, таму патомная ткачыха ўзяла за абавязак аддаць свае веды маладым землякам.

Семежаўскія чырвона-белыя закладныя рушнікі ўключаныя ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. У іх унікальная тэхніка ткацтва, калі і парадны, і тыльны бакі выглядаюць аднолькава. Зрабіць такое падабенства вельмі няпроста. Тым больш што ў цэнтры палатна больш за 25 відаў арнамента - "бярозавы лісток", "кашэчая лапка", "арліныя ножкі", "дзяды", "грабяні" - мясцовыя разнавіднасці семежаўскіх рушнікоў. Закладваліся ткацкія мясцовыя традыцыі ажно ў 16 стагоддзі.

Не сакрэт, што лепшымі ткачамі ў даўніну лічыліся мужчыны. Суладдзе са станком - справа, якая патрабуе фізічнай сілы і цягавітасці. У сучасным цэнтры ткацтва - семежаўцы-хлапчукі. Навучанне ткацтву ідзе на працягу некалькіх гадоў. У гэты цэнтр дзеці пачынаюць хадзіць з малодшага школьнага ўзросту. Валянціна Кіеня ўзгадвае: упершыню села за кросны васьмігадовай дзяўчынкай. Зрэшты, акрамя яе, у Семежаве сёння жывуць яшчэ пяцёра народных майстрых, якія захоўваюць старажытныя сакрэты вышыўкі і ткацтва.

А яшчэ мясцовыя старажылы перадаюць нашчадкам унікальныя кулінарныя рэцэпты. Глядзіце: выпушчаны нават том у 300 аркушаў "Народная кухня Семежава" - тут пра бурачны квас, аўсяны кісель і пра саладуху - гэта такі яблычны дэсерт, лепшым спецыялістам па прыгатаванні якога з'яўляецца ўсё тая ж Валянціна Міхайлаўна Кіеня.