Унікальная археалагічная знаходка ў Барысаўскім раёне

5 декабря 2015

З Бярэзіны паднялі фрагменты гандлёвага судна, узрост якога каля 200 гадоў. На думку экспертаў, гэта так званыя байдакі. Іх рабілі без цвікоў, а плавалі яны паміж Беларуссю і Украінай. У цэлым гэты год для археолагаў і вучоных надзвычай плённы. Самыя цікавыя артэфакты - а гэта прадметы ажно XI стагоддзя - выявілі каля Заслаўя. У тым, што землі нашы захоўваюць яшчэ нямала сакрэтаў і таямніц, пераканаўся наш карэспандэнт Аляксей Кандраценка

Сакрэтаў нямала. Прычым іх хапае ў кожным кутку Мінскай вобласці і не толькі падземных, але і падводных. У Барысаўскім раёне на Бярэзіне, я б сказаў, сапраўдны гістарычны Кландайк. Гэтым летам недалёка ад гарадскога пляжа з дна агаліўся вялікі драўляны прадмет. Работнікі Барысаўскай выратавальнай станцыі не змаглі пакінуць яго без увагі. У выніку з дапамогай МНС з вады дасталі судна, больш дакладна, толькі яго фрагмент. Большая частка засталася ў Бярэзіне.

Як мяркуюць эксперты, хутчэй за ўсё, гэта байдак.

Рачное паруснае грузавое судна з адной мачтай, якое часта выкарыстоўвалі на Дняпры і яго прытоках.

Матэрыял фрагментаў падобны на сасну або дуб. Не выключана, што барысаўскай знаходцы каля 200 гадоў. Яе даўжыня - 15 метраў, шырыня 4. Сярод музейных экспанатаў у Беларусі нічога падобнага няма, таму ў гістарычнай унікальнасці спецыялісты не сумняваюцца.

Зараз месца, дзе затануў байдак, плануюць дасканала вывучыць дайверы сталічнага клуба «Марскі Пегас». Цікавасць павышаная - побач знаходзіцца яшчэ адно некранутае судна. Для даследаванняў ёсць неабходнае абсталяванне - у «пегасаўцаў» шматгадовы вопыт апусканняў. Дарэчы, толькі сёлета дайверы ажыццявілі больш за 10 экспедыцый па краіне. Падводная археалогія ў Беларусі - амаль белая карта, куды паступова наносяць фарбы. Адзін толькі Нарачанскі край - скарбніца артэфактаў, якая вельмі неахвотна дзеліцца сваімі таямніцамі. Аднак для Андрэя Ліхачова і яго каманды ніводная экспедыцыя не абыходзіцца без адкрыццяў.

Андрэй Ліхачоў, кіраўнік дайвінг-цэнтра: "На нашым знакамітым возеры Нарач было выяўлена і абследавана судна. Як мяркуецца, гэта так званая несамаходная плаўадзінка, якая адносілася да атрада нарачанскай флатыліі бранекатараў. У 1916 годзе выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях, калі фронт праходзіць па возеры".

Сёння навукоўцы і дайверы ставяць перад сабой некалькі задач. Па першае, стварыць спецыялізаваную групу па падводнай археалогіі пры Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Па-другое, выявіць аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, якія знаходзяцца пад вадой, і ўнесці іх у адпаведны рэестр. Здаецца, аб'ект з двайной літарай «Б» можа заняць у ім ганаровае месца. У барысаўскага байдака яшчэ ёсць шанц стаць агульнанацыянальным здабыткам.