Разумная тэхналогія GPON праз чатыры гады з'явіцца ў кожнай шматпавярхоўцы Беларусі

2 ноября 2016

Прасцей кажучы, усё ў адным кабелі - Інтэрнэт, тэлефанія і тэлебачанне. Такую інфармацыю паведамілі спецыялісты Белтэлекама. З кожным годам колькасць карыстальнікаў сістэмы расце з небывалай хуткасцю. Сёння ў Гомелі быў узнагароджаны і мільённы абанент разумнай тэхналогіі. У якім кірунку будзе і далей развівацца інтэрнэт-рынак у нашай краіне? І як разумныя сеткі спросцяць жыццё беларусаў? Ведае Дзмітрый Цітоў.

Тут супрацоўнікі ходзяць па калідорах, як па лабірынтах. Міжнародны цэнтр камутацыі - за 16 гадоў працы колькасць шафаў для апрацоўкі звестак павялічылася ў некалькі разоў. І гэта не дзіўна. Калі за ўвесь 2011 год да высакахуткаснага Інтэрнэту ад Белтэлекама падключыліся каля 2 тысяч чалавек па краіне, то праз 5 гадоў колькасць ахвотнікаў павялічылася ў 500 разоў.

Каб беларусам заходзіць на замежныя сайты, працаваць больш хутка і якасна, спецыялістам даводзіцца пастаянна пашыраць інтэрнэт-шлюз і закупляць каналы сувязі за мяжой. Так шырыня знешняга канала набліжаецца да адзнакі адзін тэрабіт за секунду і складае 920 гігабайт. Супрацоўнікі ў ідэале мараць, што ўсё больш трафіку будзе спажывацца ўнутры краіны дзякуючы актыўнаму наведванню беларускіх сайтаў. На 1 кастрычніка гэтага года колькасць абанентаў шырокапалоснага стацыянарнага доступу ў Інтэрнэт склала каля 3 мільёнаў чалавек. Можа менавіта таму ў цэнтры камутацыі ў Мінску так беражліва ахоўваюць сэрца беларускага Інтэрнэту.

Зараз Беларусь займае 23-е месца ў рэйтынгу хуткаснага Інтэрнэту сярод 195 краін. Камісія ААН апублікавала справаздачу за 2015 год. У тройцы лідараў Манака, Швейцарыя і Ліхтэнштэйн. Сёння доступ да Інтэрнэту ў свеце маюць тры з паловай мільярды чалавек.

Мільённы абанент Gpon ад Белтэлекама днямі зарэгістраваўся ў Гомелі. Павел разам з жонкай і трыма дзецьмі зусім нядаўна пераехаў у новую кватэру. Наяўнасць хуткаснага Інтэрнэту аказалася важным крытэрыем камфорту. У падарунак атрымалі пакет паслуг, а таксама тэлевізар і планшэт. Паколькі сеткай ахоплены цэлы раён, то падарункі дасталіся і суседзям. Тэхналогія Gpon заключана ў кабель, які дае адразу пакет паслуг: Інтэрнэт, тэлефанію і тэлебачанне.

Спецыялісты абяцаюць, што ўжо да канца 2020 года Інтэрнэт праз оптавалакно прыйдзе ў кожную гарадскую шматпавярхоўку краіны. Сетка Gpon можа ў далейшым дазволіць укараняць і тэхналогію "Інтэрнэт рэчаў". У планах на найбліжэйшыя некалькі гадоў распрацаваць сістэму, якая магла б дапамагчы энергетыкам, водаканалу, газавым службам. Функцыя дазволіць кантраляваць спажыванне камунальных рэсурсаў на адлегласці і аўтаматычна выстаўляць рахункі для аплаты сваім абанентам.