Удзельнік бітваў пад Масквой, Сталінградам і Курскам

30 апреля 2015

Ён вызваляў Украіну, Беларусь і Польшчу. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені і Славы 3-й ступені, медалямі "За абарону Масквы і Ленінграда". Павел Рыжкоўскі - ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Маладзечна распавядае пра сваё ваеннае і мірнае жыццё.

Надзея Сербіненка сустрэлася з ветэранам. Дырэктар школы – у мірныя гады, і радыст-герой – у ваенныя. Павел Рыжкоўскі падчас Вялікай Айчыннай удзельнічаў у баях пад Масквой, у Курскай бітве, прарываў блакаду Ленінграда і вызваляў Беларусь, дайшоў да Германіі. І сёння, у свае 93, ён не страчвае жыццёвага аптымізму.

Адной з самых складаных ваенных аперацый, у якой удзельнічаў Павел Рыжкоўскі, стала абарона Масквы. Тыя студзеньскія маразы да гэтага часу нагадваюць пра сябе.

Радыст Рыжкоўскі павінен быў забяспечваць бесперабойную сувязь з самалётамі падчас вылетаў. А справа гэтая няпростая, асабліва калі ў паветры адначасова знаходзіцца да 30 машын. За бесперабойную сувязь з самалётамі падчас прарыву блакады Ленінграда Паўла Рыжкоўскага ўзнагародзілі ордэнам Славы трэцяй ступені.

Той пераможны май, у сорак пятым, Павел Рыжкоўскі выразна памятае і сёння, праз 70 гадоў. 9 мая ён сустрэў у нямецкім горадзе Шпротау.

Азіраючыся на мінулыя гады, ветэран Вялікай Айчыннай ні аб чым не шкадуе. Галоўная каштоўнасць для яго і сёння - само жыццё, таму ні пра што больш і не марыць.